У МЗС Беларусі параілі беларусам выкарыстоўваць рэйсавыя самалёты для эвакуацыі зь Лібану

Выбух у сталіцы Лібану Бэйруце ў часе ізраільскага абстрэлу 7 кастрычніка 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Параўналі з тым, што іншыя краіны прапанавалі сваім грамадзянам у зоне канфлікту.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі нагадалі пра сваю рэкамэндацыю грамадзянам Беларусі, якія жывуць у Ізраілі і Лібане, «няўхільна выконваць рэкамэндацыі мясцовых уладаў і правілы асабістай бясьпекі», а таксама прапанавалі авіямаршруты, якімі беларусы могуць скарыстацца, каб выехаць з Блізкага Ўсходу.

«Лібан пакінулі ўжо больш за 3 тысячы французаў, звыш 1100 амэрыканцаў, і беларусам МЗС таксама казаў гэтак зрабіць. Але гаварыць не мяшкі варочаць. Таму мы пасядзелі і паглядзелі, як рэальна грамадзянам Беларусі вярнуцца зь Лібану дадому», — паведамляецца ў Telegram-канале «Глас МИДа», які зьвязваюць зь беларускім замежнапалітычным ведамствам.

У прыватнасьці, грамадзянам Беларусі прапанавалі карыстацца рэйсамі рэгіянальных авіякампаній з Бэйруту ў Аман, Стамбул, Дубай, Доху, а адтуль — у Маскву і потым у Менск.

Уласьнікам шэнгенскай візы прапанавалі вяртацца зь Лібану праз эўрапейскія краіны — Францыю, Грэцыю, Нямеччыну ці Данію, адтуль — у Вільню і потым аўтобусам у Менск.

Як іншыя краіны вывозяць сваіх грамадзян з зоны канфлікту

Расея 3 кастрычніка накіравала ў Бэйрут самалёт свайго Міністэрства надзвычайных сытуацый з гуманітарнай дапамогай, а зваротным рэйсам вывезьла 60 сваіх грамадзян, у тым ліку і сем’і сваіх дыпляматаў.

Літва заклікала сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць Ізраіль і Лібан і ў пачатку кастрычніка адправіла свой самалёт у Бэйрут. 6 кастрычніка адтуль вывезьлі 18 грамадзян Літвы і 8 грамадзян Латвіі.

Украіна арганізавала тры спэцыяльныя рэйсы, каб вывезьці ня толькі сваіх, а і іншаземных грамадзян — 3 жніўня, а таксама 1 і 9 кастрычніка. Усяго краіна, якая ваюе, эвакувала з краін Блізкага Ўсходу 302 грамадзян, у тым ліку 217 украінцаў і 85 іншаземцаў. Сярод эвакуаваных Украінай — грамадзяне Літвы, Польшчы, Чэхіі, Малдовы, Бразыліі, Лібану, Аргентыны, Мэксыкі, Румыніі і Калюмбіі.

  • Пасьля атакі ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль пачаў ваенны наступ на Газу. У выніку яго загінулі каля 42 тысяч палестынцаў, сьцьвярджае падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы. Каля 90% насельніцтва сэктару Газа было перамешчана, вялікія тэрыторыі былі разбураныя ізраільскімі бамбаваньнямі.
  • 7 кастрычніка ізраільскія вайскоўцы заявілі, што за апошні год яны разбамбілі больш за 40 тысяч цэляў у сэктары Газа, выявілі 4700 тунэляў і зьнішчылі 1000 ракетных пускавых установак.
  • Канфлікт у Газе ўсё яшчэ працягваецца, у той час як Ізраіль цяпер таксама ваюе на другім фронце на поўдні Лібану супраць «Хэзбалы». У апошнія тыдні Ізраіль наносіў авіяўдары па ўсім Лібане, уключаючы Бэйрут, і арганізаваў наземнае ўварваньне на поўдзень Лібану ў сваім імкненьні зьнішчыць магчымасьці і кіраўніцтва «Хэзбалы».
  • Ізраільскія вайскоўцы забілі лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу і, магчыма, яго патэнцыйнага пераемніка Гашэма Сафі ад-Дына.

svaboda.org