МЗС Польшчы пацвердзіла, што беларусам, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай, дастаткова натарыяльнага запрашэння на візу для родных.
Паводле агульнага правіла, запрашэнні для афармлення візы сваякам у Польшчу афармляюцца праз ваяводства. Такія запрашэнні могуць рабіць грамадзяне Польшчы, уладальнікі пастаяннага дазволу на жыхарства або асобы з часовым дазволам на жыхарства (ДНЖ), якія пражываюць у Польшчы мінімум пяць гадоў.
Для беларусаў, у якіх няма ПМЖ і якія знаходзяцца ў Польшчы менш за пяць гадоў, такая магчымасць адсутнічае. Аднак Міністэрства замежных спраў Польшчы гатова зрабіць выключэнне для тых грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы пад міжнароднай абаронай.
Блок Пракоп’ева-Ягорава ў Каардынацыйнай радзе апублікаваў афіцыйны адказ консульскага дэпартамента МЗС Польшчы.
У дакуменце гаворыцца, што беларусы, якія маюць міжнародную абарону, могуць афармляць запрашэнні для сваякоў, завераныя натарыусам. Пры гэтым заяўнік пры падачы на візу павінен прадставіць доказы роднасных сувязяў з тым, каго запрашае на візу, а таксама копію дазволу на жыхарства і дакумент, які пацвярджае статус асобы, якая знаходзіцца ў Польшчы.
З-за кадравых абмежаванняў у консульскіх органах Польшчы ў Беларусі, МЗС раіць загадзя ўзгадняць падачу такіх дакументаў.
Акрамя таго, блок вядзе перамовы пра магчымасць падачы на візу па натарыяльных запрашэннях напрамую праз консульствы, без звароту ў візавыя цэнтры. Гэта важна для абароны персанальных даных тых, хто знаходзіцца ў Польшчы пад міжнароднай абаронай.