У Варшаве сымбалічна адкрылі абноўлены мурал, прысьвечаны беларускім палітвязьням

Абноўлены мурал у Варшаве. Фота прэс-службы АПК

19 кастрычніка ў Варшаве адкрылі абноўлены мурал, прысьвечаны беларускім палітвязьням. На ім намаляваныя постаці Аляся Бяляцкага, Марыя Калесьнікавай, Анджэя Пачобута і Марфы Рабковай.

Гэта папраўленая вэрсія папярэдняга мурала, прысьвечанага Алесю Бяляцкаму, на якім было напісана, што праваабаронца ўжо на свабодзе. Таксама цяпер на мурале, акрамя Бяляцкага, намаляваныя іншыя палітвязьні: беларускі журналіст і сябра Саюзу палякаў Беларусі Андрэй Пачобут, кіраўніца перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава і каардынатарка валантэраў праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова, піша прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінэта.

Аўтарамі новага твора сталі мастакі Дарыюш Пачкоўскі і Магдалена Чыжыкевіч-Януш.

На сымбалічным адкрыцьці муралу прысутнічалі беларуская дэмакратычная лідарка, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык і прэзыдэнт Amnesty International Polska Міхал Курпінскі.

Праект па абнаўленьні мурала рэалізавалі дзякуючы сумесным намаганьням праваабарончай арганізацыі Amnesty International Polska і прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэньні АПК. Ключавую ролю ў арганізацыі і фінансаваньні праекту адыгралі ўлады Варшавы. У стварэньні ідэі муралу таксама прымала ўдзел беларуская супольнасьць.

«Задача беларусаў, нашая задача, з дапамогай краін-суседзяў выратаваць гэтых людзей з-за кратаў. І я дзякую Польшчы за яе моцную пазіцыю наконт нашай беларускай рэвалюцыі. Польшча цісьне на рэжым, вельмі шмат дапамагае беларусам у выгнаньні і нашым дэмакратычным сілам.

Гэты мурал вельмі важны ня толькі для нас, але і для палякаў, бо на ім зьмешчаныя агульначалавечыя надпісы, якія дапамагаюць разумець, чаму зараз важна быць побач зь беларусамі. Гэта добры напамін і пра польскую салідарнасьць. І мы ў многім бяром прыклад з Польшчы ў змаганьні супраць дыктатуры», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская на адкрыцьці абноўленага муралу.

Мурал знаходзіцца на кальцавой разьвязцы імя Стэфана Шчэпаньскага «Зютка» ў варшаўскім раёне Воля.

svaboda.org