Гісторык Цімох Акудовіч у новым выпуску ютуб-шоу «Ператрэм з Халезіным» паразважаў над тым, наколькі важна вяртаць культурныя каштоўнасці ў сучасную Беларусь.
Акудовіч адзначае, што працэсы вяртання гісторыка-культурных каштоўнасцей у Беларусь ідуць. Так, Міністэрства культуры Беларусі дало справаздачу, што за апошнія два гады было вернута 300 аб’ектаў у Беларусь.
Сярод каштоўнасцей, якія вярнуліся ў Беларусь з дапамогай грамадскасці, — «Біблія» Францыска Скарыны, «Статут ВКЛ», слуцкія паясы.
«Была гісторыя, калі ў Слуцку адкрывалі краязнаўчы музей, і там людзі скінуліся, каб выкупіць слуцкі пояс. (…) Пры ўсіх праблемах, за апошнія трыццаць гадоў нешта ў Беларусь прывезлі. Пэўны працэс усё ж такі ідзе. Хаця хацелася б, канечне, актыўней», — адзначыў Акудовіч.
На пытанне, што б яму найбольш хацелася вярнуць у Беларусь, гісторык адказаў: «Самая вялікая каштоўнасць, якую трэба зараз вярнуць у Беларусь, — гэта людзі».
Акудовіч звяртае ўвагу на дыскусійнасць пытання, наколькі важным у існуючых умовах з’яўляецца вяртанне культурных каштоўнасцей у сучасную Беларусь:
«Ад каго мы маем права зараз нешта патрабаваць? У ўкраінцаў мы зараз запатрабуем бібліятэку Храптовічаў? Ці ў літоўцаў нейкія рэгаліі вялікіх князёў? Ці ў палякаў нешта? Таксама нелагічна».
«Усе культурныя каштоўнасці, на маю думку, дзеляцца на дзве часткі. Ёсць навукова-музейная гісторыя. Па свеце раскіданыя тысячы ўсялякіх прадметаў, якія калісьці былі ў Беларусі. (…) Я не думаю, што сярэднестатыстычнаму беларусу на самой справе дужа цікавыя гэтыя аб’екты. Яны пра іх не ведаюць. А ёсць узровень нацыянальны.
Ёсць рэчы, пра якія ведае сярэднестатыстычны беларус і хацеў бы іх мець у наяўнасці. Тут ясна, што Крыж Ефрасінні Полацкай у першую чаргу, «Статуты», Скарына, слуцкія паясы», — працягнуў сваю думку Акудовіч і адзначыў:
«Наша задача — зрабіць зараз так, каб як мага больш гэтых аб’ектаў з’явілася ў нацыянальнай прасторы. Вяртаць каштоўнасці трэба не на тэрыторыю, а ў галовы. Трэба, каб як мага больш беларусаў разумелі, што ў нас ёсць гэтыя каштоўнасці. А вяртаць можна не купляючы нават, а стварыўшы вялікі каталог, гід, каб беларусы маглі паглядзець, дзе па свеце раскіданыя беларускія каштоўнасці».