Былы кіраўнік фотаслужбы TUT.BY страціў працу ў медыях і просіць пра дапамогу

BYSOL адкрыў збор у падтрымку калегі. Сям’і трэба пратрымацца да першага заробку журналіста, які ён мусіць атрымаць на заводзе пральных машын.

«20 гадоў таму я ўзяў у рукі фотаапарат і зразумеў, што хачу быць фотажурналістам, — піша пра сябе наш калега. — З таго моманту мінула шмат часу, і за гэтыя гады я навучыўся не толькі фіксаваць моманты, але і перадаваць гісторыі праз аб’ектыў камеры. Мы перажывалі розныя часы, ад палітычных падзеяў да асабістых драм, і кожная з іх пакінула адбітак на мне і маёй працы. У 2020 годзе я быў, здаецца, паўсюль».

З 2014 года беларус працаваў кіраўніком фотаслужбы TUT.BY. Пачынаючы з 8 жніўня 2020 года вёў фотастужку ў штодзённых анлайнах партала.

Пасля разгрому TUT.BY наш калега пакінуў Беларусь і пераехаў у Кіеў. Там ён працягваў працаваць журналістам і медыятрэнерам у незалежных беларускіх СМІ. Пасля пачатку вайны эвакуяваўся ў Польшчу, а адтуль па праграме падтрымкі беларускіх журналістаў у Нямеччыну, дзе жыве з сям’ёй дагэтуль. 

Да ліпеня 2024 года былы кіраўнік фотаслужбы TUT.BY працаваў журналістам у незалежным беларускім інфармагенцтве. Але з‑за складанасцяў з фінансаваннем беларускіх медыяў застаўся без працы. Знайсці іншае месца па спецыяльнасці не атрымалася — вакансій вельмі мала. Дзякуючы падпрацоўкам і запасам сям’я дацягнула да верасня, але зараз грошай не засталося.

«Каб выйсці з сітуацыі, я ўладкаваўся на завод пральных машын, аднак першы заробак мне выплацяць толькі праз месяц, — распавядае журналіст. — Таму ў нас утвараецца запазычанасць за кватэру за мінулы месяц, плюс прыйшлі рахункі са страхавой і за электрычнасць, якія трэба пагасіць. Таксама нам трэба прыкладна €300 на прадукты. Інтэрнэт і праязныя мы аплацілі.

Не прашу дапамагчы мне выплатай у выглядзе незваротнай дапамогі. Пастараюся вярнуць усе атрыманыя сродкі ў выглядзе ўнёсаёкаў у фонд, як толькі змагу зарабляць. Не думаў, што мая сям’я апынецца ў сітуацыі, калі трэба прасіць дапамогі, аднак усе магчымасці на дадзены момант вычарпаныя».

BYSOL адкрыў збор у падтрымку калегі. Неабходная сума — 2400 еўра.

Дапамагчы можна тут

baj.media