У дзень 20-й гадавіны шлюбу Святлана Ціханоўская згадала асабістае і паказала сямейныя фота з Сяргеем

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская запісала відэа з нагоды асабістай даты — 20-годдзя сямейнага жыцця. Яна расказала пра сумеснае жыццё з Сяргеем і пагартала сямейны альбом.

Святлана кажа, што ў іх была звычайная сям’я — са сваімі радасцямі і цяжкасцямі. Сын Карней з’явіўся на свет праз пяць гадоў з моманту вяселля — «пакуль асвоіліся, прыцерліся», жартуе яна. 

Другое дзіця — дачка Агнія. Паводле Святланы, дзяўчынка характарам падобная да бацькі — «агонь».

Святлана, якая 20-годдзе сумеснага жыцця сустракае без мужа-палітвязня, успомніла, якім было гэта свята 10 гадоў таму.

«Карнею ўжо было пяць. Позна ўвечары нечакана — званок у дзверы, Сяргей вяртаецца з працы і кажа: «Збірайся, мы з’язджаем». А я: «Што, куды, у мяне ж дзіця адно, як я яго пакіну». А ён ужо ўсё арганізаваў, знайшоў, хто пасядзіць з малым, і мы паехалі ў Парыж. І гэта было вельмі, вельмі рамантычна. Правялі тры незабыўныя дні», — распавяла Святлана.

Блогера і заснавальніка «Краіны для жыцця» Сяргея Ціханоўскага затрымалі на перадвыбарчым пікеце ў Гродне 29 мая 2020 года.

У снежні 2021 года яго асудзілі да 18 год калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці, перашкодзе працы ЦВК, арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 

nashaniva.com