Рух Пазьняка заклікаў байкатаваць галасаваньне 26 студзеня

Зянон Пазьняк

У заяве руху «Вольная Беларусь» гаворыцца, што галоўная мэтай прэзыдэнцкай кампаніі, якую абвясьцілі ўлады — «аднавіць уласную легітымнасьць і прымусіць людзей прыняць новую палітычную рэчаіснасьць у Беларусі».

«Кампанія будзе праходзіць ва ўмовах палітычнага тэрору, рэпрэсій, агульнага вынішчэньня грамадзянскай супольнасьці і разбурэньня інстытуту выбараў як такога. Беларускае грамадзтва, на сёньняшні дзень ня мае ніякіх прававых і палітычных магчымасьцяў выказаць сваё адмоўнае стаўленьне да Лукашэнкі». — гаворыцца ў звароце.

Рух Зянона Пазьняка лічыць, што ўдзел у галасаваньні азначае прызнаньне факту выбару, «бо нават калі грамадзянін галасуе супраць усіх, — ён рэалізуе свой выбар і тым самым прызнае, што меў свабоду і права выбару». Таму заклікі з боку некаторых апазыцыйных структураў да ўдзелу ў галасаваньні, як гаворыцца ў звароце, будуць выключна на карысьць Лукашэнкі.

«Галоўнае, што трэба было б рабіць беларусам — ня йсьці на выбарчыя ўчасткі і не галасаваць на псэўдавыбарах дыктатуры». — перакананыя ў «Вольнай Беларусі».

Наступнай формай супраціву там назвалі выяўленьне інфармацыі пра арганізатараў «выбарчага падману», сябраў камісіі як саўдзельнікаў у палітычным злачынстве і публікацыя зьвестак пра іх ў адкрытым доступе.

svaboda.org