Акцыя ў Варшаве да “Ночы расстраляных паэтаў”

Беларусы Варшавы ўспомнілі трагічную дату для беларускай нацыі «Ноч расстраляных паэтаў». На акцыі ў цэнтры польскай сталіцы беларусы гаварылі пра знішчэнне беларускай эліты ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года сталінскімі катамі. У гэтую чорную ноч было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Кажа арганізатар акцыі, сябра асацыяцыі палітзняволеных «Да волі» і грамадскай арганізацыі «Беларусы Варшавы» Васіль Плешкуноў:

– Ноч расстраляных паэтаў – гэта чорная дата на старонках нашай гісторыі, дзень жалобы, і дзень абурэння, дзень смутку і  дзень нязгоды, дзень нянавісці, і дзень любові. Нянавісці да бессаромных забойцаў і бязмернага жалю да бязвінных ахвяраў. Бяздушная сістэма паказала самы гнюсны свой ашчэр, ганебную сваю сутнасць. Каб не забывацца на подласць, на здраду, каб шанаваць адданасць, вернасць, мужнасць і годнасць, мы мусім штогод адзначаць гэты дзень.

Выступоўцы праводзілі паралелі з сучаснымі рэпрэсіямі ў Беларусі, выказвалі салідарнасць з тымі, каго дыктатар трымае ў закладніках, здзекуецца і забівае. Не абмінулі і выбарчую тэму: прымаць удзел ці не прымаць. Думкі былі рознымі.  

Завяршылася акцыя агульным фота.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com