У Эўрапарлямэнце заявілі, што няма ніякіх перадумоў чакаць празрыстых выбараў прэзыдэнта Беларусі

У залі паседжаньняў Эўрапарлямэнту. Архіўнае фота

У Брусэлі зноў заявілі аб падтрымцы сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі і адзначылі адсутнасьць станоўчых зрухаў у выбарчым працэсе.

Дэпутатка Эўрапарлямэнту Малгажата Гасеўская выступіла са зваротам ад імя Бюро дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў сувязях зь Беларусьсю.

«У дадатак да абвяшчэньня аб так званых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, якія павінны адбыцца 26 студзеня 2025 году, мы пацьвярджаем нашу непахісную падтрымку сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі і нашу поўную падтрымку дэмакратычнага права народу Беларусі выбіраць сваіх прадстаўнікоў на свабодных і справядлівых выбарах, якія праводзяцца без умяшаньня, запалохваньня і пад эгідай АБСЭ/БДІПЧ у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі», — адзначаецца ў звароце, які цытуе «Парлямэнцкі канал».

Таксама ў звароце адзначаецца, што пасьля «ашуканскіх» выбараў 2020 году сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна пагоршылася. Дзясяткі тысяч мірных пратэстоўцаў былі арыштаваныя, і каля 1300 палітычных зьняволеных, у тым ліку апазыцыйных палітычных дзеячаў, па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў беларускіх сьледчых ізалятарах. Дзясяткі тысяч таксама былі вымушаны пакінуць краіну.

«Мы рашуча асуджаем сыстэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэньні правоў чалавека, якія зьдзяйсьняюцца ў Беларусі, уключаючы катаваньні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці прыніжальныя для годнасьці віды абыходжаньня і пакараньня ў дачыненьні палітычных зьняволеных, якія могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасьці, паводле дакладу Ўпаўнаважанага ААН у правах чалавека.

Мы падкрэсьліваем, што выбары, якія праводзяцца ў цяперашняй атмасфэры страху і рэпрэсій, ва ўмовах, якія супярэчаць усім міжнародна прызнаным стандартам, без магчымасьці для беларусаў, якія жывуць за мяжой, рэалізаваць сваё права галасаваць і балятавацца ў якасьці кандыдата на выбарах, без празрыстай сыстэмы падліку галасоў і без удзелу міжнародных назіральнікаў, ня могуць лічыцца справядлівымі і вольнымі».

Рэжым Лукашэнкі заклікалі ў поўнай меры паважаць правы чалавека, права на свабоду аб’яднаньняў, у тым ліку палітычных партый, пакласьці канец усім формам рэпрэсій, перасьледу і запалохваньняў і вызваліць усіх палітычных зьняволеных.

svaboda.org