Беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт, які знаходзіўся пад хатнім арыштам у Сэрбіі, на волі і ўжо пакінуў краіну, паведамілі «Радыё Свабода» юрысткі Марыя Колесава-Гудзіліна і Ганна Маціеўская.
«Сёньня, пасьля 1 году адчайнай барацьбы — 7 месяцаў 6 дзён у турме і 5 месяцаў пад хатнім арыштам — беларускі журналіст, рэжысэр і палітычны актывіст Андрэй Гнёт быў эвакуаваны з Сэрбіі ў Эўразьвяз», — паведаміла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.
Бялградзкі адвакат Андрэя Гнёта Філіп Сафіяніч пацьвердзіў Балканскай службе «Радыё Свабода», што Вярхоўны суд Бялграда 31 кастрычніка адмяніў затрыманьне Андрэя Гнёта пасьля таго, як скончыўся гадавы законны тэрмін.
«Яны маглі ўвесьці іншую меру, напрыклад, запатрабаваць ад яго зьявіцца ў паліцыю, але яны гэтага не зрабілі», — сказаў Сафіяніч.
Пяць месяцаў Гнёт правёў пад хатнім арыштам у Бялградзе, чакаючы рашэньня суда аб ягонай экстрадыцыі ў Беларусь, якая шукае яго за нібыта ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Раней ён правёў за кратамі сем месяцаў у сэрбскай турме.
«Я бязьмежна дзякую сваім адвакатам і юрыстам, Ствятлане Ціханоўскай і яе міжнароднай каманде, Паўлу Латушку і ўсяму НАУ, шматлікім грамадзкім і праваабарончым арганізацыям, мэдыям і журналістам, маім сябрам і блізкім, спартоўцам, калегам па кінацэху і ўсім тым тысячам і тысячам неабыякавых людзей , якія змагаліся за маё жыцьцё.
Мая гісторыя — гэта галівудзкае кіно. Мне ёсьць што расказаць! Я прашу даць мне крыху часу, каб прывыкнуць да свабоды і бясьпекі, якіх у мяне так доўга не было. У найбліжэйшыя дні я запрашу ўсіх на прэс-канфэрэнцыю. Я вас вельмі кахаю! МЫ ПЕРАМАГЛІ! Жыве Беларусь!» — пракамэнтаваў для «Радыё Свабода» Андрэй Гнёт.
Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская вітала вызваленьне Андрэя Гнёта.
«Гэта наша агульная перамога. Я віншую Андрэя з доўгачаканай свабодай, вітаю і спадзяюся, што наперадзе яго чакае мірнае і бясьпечнае жыцьцё. Надалей мы не павінны дазволіць рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваць міжнародныя мэханізмы для перасьледу актывістаў. І мы будзем змагацца за кожнага, хто патрапіў пад рэпрэсіі рэжыму», — адзначыла Ціханоўская.
Асобна Ціханоўская падзякавала прэзыдэнту Сэрбіі Аляксандру Вучычу «і ягонай камандзе»: «[Зь імі] мы працавалі на працягу апошніх месяцаў па справе Андрэя. Я таксама вельмі ўдзячная старшыні Эўрапейскай камісіі Урсулі фон дэр Ляен, краінам-сябрам ЭЗ, асабліва МЗС Нямеччыны за падтрымку».
Намеснік Ціханоўскай у АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка таксама выказаў падзяку «эўрапейскім партнэрам» за актыўную падтрымку Андрэя Гнёта, згадаўшы ў прыватнасьці маршала Сэнату Польшчы, а таксама МЗС Польшчы і Нямеччыны.
Сёлета ў чэрвені Андрэя Гнёта перавялі з бялградскай турмы пад хатні арышт. У верасьні апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне пра экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь і вярнуў справу на новы разгляд у Высокі суд горада.
- 41-гадовы Гнёт — рэжысэр тэлерэклямы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднаньня SOS.by, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Працаваў зь вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, «Бульбаш», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World of Tanks.
- Яго затрымала 30 кастрычніка 2023 году памежная служба Сэрбіі ў аэрапорце Бялграду на запыт беларускага бюро Інтэрполу ад 21 верасьня 2023 году. У Беларусі яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
- Праваабаронцы і адвакат Гнёта настойваюць, што яго перасьледуюць з палітычных, а не эканамічных матываў, як сузаснавальніка SOS.by.
- 31 траўня 2024 году суд у Бялградзе пастанавіў, што патрабаваньне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і павінна быць задаволенае «ў мэтах яго прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці па абвінавачаньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў)».
- Рашэньне Гнёт і яго адвакат атрымалі 13 чэрвеня і падалі апэляцыю.
- З чэрвеня 2024 году Андрэю Гнёту замянілі меру атрыманьня ў выглядзе пазбаўленьня волі на хатні арышт.
- 11 верасьня суд у Бялградзе адмяніў рашэньне аб экстрадыцыі Гнёта і вярнуў справу на новы разгляд. Паводле Апэляцыйнага суду, рашэньне Высокага суду ў Бялградзе першай інстанцыі аб экстрадыцыі Гнёта было прынятае «на падставе няпоўна ўстаноўленай фактычнай сытуацыі, зь якой вынікае істотнае парушэньне палажэньняў крымінальнага працэсу». У рашэньні Апэляцыйнага суду гаворыцца, што дзеяньні, на якія спасылаецца Высокі суд, «ня могуць служыць доказам» існаваньня абгрунтаванага падазрэньня ў вінаватасьці Гнёта і што яны супярэчаць нормам правапарадку Сэрбіі — гэта значыць, канстытуцыйным і крымінальным палажэньням аб гарантыях прэзумпцыі невінаватасьці асобаў, у дачыненьні да якіх вядзецца крымінальны працэс.
- Андрэй Гнёт называе абвінавачаньні ў свой адрас з боку беларускіх уладаў «хлусьлівымі», заяўляючы, што гэта «сыстэмны мэханізм перасьледу» палітычных апанэнтаў з боку рэжыму ў Менску. «Тое, што яны могуць зрабіць са мной у Беларусі, — гэта сьмяротны прысуд», — сказаў Гнёт у адной са сваіх заяваў.