Як меркаваная перамога Трампа паўплывае на Беларусь?

Сацыялагічныя апытанні паказалі, што кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп абагнаў сваю суперніцу ад Дэмакратычнай партыі Камалу Харыс па папулярнасці ў swing states. «Наша Ніва» спытала ў былога беларускага дыпламата Валера Кавалеўскага і палітолага Аляксандра Фрыдмана, чаго чакаць Беларусі, калі Трамп вернецца ў крэсла прэзідэнта.

Дональд Трамп. Фота: Bill Pugliano / Getty Images

«Па Беларусі ёсць двухпартыйны кансэнсус»

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі адзначае, што палітыкі ў Кангрэсе і выканаўчай уладзе ЗША няблага разумеюць сітуацыю ў Беларусі, адсочваюць яе.

«І што вельмі важна для нас — у Вашынгтоне ёсць двухпартыйны кансэнсус адносна нашай сітуацыі. Рэспубліканцы і дэмакраты аднолькава ўспрымаюць сітуацыю ў Беларусі.

Яны гатовыя супрацоўнічаць паміж сабой, каб разам выпрацоўваць палітыку па Беларусі. У гэтым сэнсе можна казаць, што для Беларусі гэта вельмі выгадная сітуацыя, бо дамагчыся кансэнсусу ў ЗША няпроста», — тлумачыць палітык.

Упэўненасці ў тым, што Беларусь важная краіна на мапе Еўропы, дадалі падзеі 2020 года, калі народ выказаўся супраць дыктатуры. А пасля падзеі 2022-га канчаткова стала зразумела, што Беларусь, якая цалкам знаходзіцца пад уплывам Расіі, гэта дадатковая крыніцай небяспекі ў рэгіёне.

Валер Кавалеўскі. Фота: «Наша Ніва»

Але гэта не азначае, што Штаты самі вырашаць беларускія праблемы.

«Каб дамагацца нейкіх дзеянняў і палітычных зменаў, нам патрэбна значна большая дыпламатычная праца праз кантакты з Белым домам, Кангрэсам і Дзярждэпартаментам.

Але ніхто за нас не зробіць нашу працу па вызваленні Беларусі ад дыктатуры. Нам могуць толькі дапамагчы ў гэтым, але трэба разлічваць, што асноўную працу мусім рабіць мы і беларускі народ.

У Штатах уважліва сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі пасля 2020 года: ці ёсць нейкія прыкметы пратэстаў, актыўнай дзейнасці ў самой краіне, якім чынам дэмакратычныя сілы ўплываюць на сітуацыю, ці яны прысутнічаюць у беларускай інфармацыйнай прасторы і ў практычных дзеяннях, як яны ўплываюць на сам працэс выбараў 2025 года, ці ёсць нейкая выразная стратэгія».

Рэжым Лукашэнкі рукамі сілавікоў і прапаганды спрабуе задушыць галасы беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Таму, прызнае Кавалеўскі, даказваць, што ў Беларусі ёсць імкненне да дэмакратыі, захавання суверэнітэту і незалежнасці, становіцца ўсё складаней.

Таксама лукашэнкаўскія палітыкі і дыпламаты на самых розных узроўнях спрабуюць пераканаць Захад, што Лукашэнка легітымны і яго трэба падтрымаць. Яны намагаюцца пераканаць, што трэба адмовіцца ад палітыкі непрызнання Лукашэнкі.

Фота: Kristina Kormilitsyna, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

«Зараз ідзе рух у бок мірнага працэсу па вайне супраць Украіны — ідуць перамовы, ёсць кантакты паміж украінскім і расійскім бокам. 

І тут вельмі важная задача для Беларусі — дамагчыся таго, каб нацыянальныя інтарэсы нашай краіны таксама былі адлюстраваныя ў гэтых дамоўленасцях.

Неабходна, каб дамоўленасці, якія, умоўна кажучы, могуць адбыцца паміж Захадам і Расіяй, не ігнаравалі сітуацыю ў Беларусі. Таму сітуацыя даволі складаная. Яна не вызначаная як для Расіі, так і для ЗША, і тым больш для Беларусі. Таму нам вельмі важна прысутнічаць і даводзіць сваю пазіцыю», — упэўнены Кавалеўскі.

Што можа змяніцца, калі пераможа Трамп?

Што, калі на выбарах пераможа Трамп? На думку Кавалеўскага, двухпартыйны кансэнсус па Беларусі дае падставы разлічваць на тое, што бачанне сітуацыі не зменіцца.

«Аднак пазіцыя Трампа на карысць як мага хутчэйшага спынення вайны можа мець сур’ёзныя наступствы для нашага рэгіёна», — лічыць Валер Кавалеўскі.

Такі падыход, на думку палітыка, можа не ўлічваць інтарэсы Украіны, а таксама моцна ўплываць на інтарэсы ЕС. Таму і інтарэсы Беларусі могуць быць праігнараванымі.

«Другое, што можа быць шкодным для нас, — гэта стаўленне Трампа да НАТА. Ён неаднаразова скептычна выказваўся наконт удзелу ЗША ў альянсе і фактычна пагражаў выхадам з НАТА. Гэта можа моцна падарваць уплыў і значнасць альянсу для рэгіянальнай бяспекі, што паставіць пад пытанне яго здольнасць вырашаць пагрозы, якія стаяць сёння перад альянсам».

Трэцяе, што, на думку Кавалеўскага, варта ўлічваць, — гэта стаўленне Дональда Трампа да дэмакратычных інстытутаў (свабоды СМІ, незалежнай судовай сістэмы, правоў чалавека).

«Выглядае, што часам у яго ўзнікаюць даволі аўтарытарныя падыходы. Ён гэта выразна паказаў падчас свайго першага тэрміну», — звяртае ўвагу былы дыпламат.

Валер Кавалеўскі бачыць у выпадку перамогі Трампа сур’ёзныя пагрозы тым ідэалам і мэтам, да якіх імкнецца беларускі дэмакратычны рух.

Тым не менш, адзначае былы дыпламат, сама Рэспубліканская партыя ў выніку перамогі Трампа рыхтуецца да таго, што часам будзе вымушаная стрымліваць свайго лідара, каб не нарабіць шкоды нацыянальным інтарэсам.

«Адказныя рэспубліканцы будуць імкнуцца да таго, каб не праводзіць такую палітыку, якая будзе несці шкоду самім Злучаным Штатам», — мяркуе Кавалеўскі.

Лукашэнка за Трампа?

Аналітык Аляксандр Фрыдман падзяляе ўплыў ЗША на Беларусь на два лагеры: дэмакратычныя сілы і рэжым Лукашэнкі.

«Дэмсілы арыентуюцца на Злучаныя Штаты і Захад. Сярод дасягненняў Святланы Ціханоўскай можна назваць сустрэчу з Байдэнам і кантакты з сённяшняй амерыканскай адміністрацыяй», — адзначае Фрыдман.

Аляксандр Фрыдман. Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр Лукашэнка, адзначае аналітык, выказваў асцярожныя спадзяванні на перамогу Дональда Трампа і звязаныя з гэтым змены ў палітыцы Вашынгтона.

Стаўленне Лукашэнкі да ЗША аналітык называе дваістым. З аднаго боку ён успрымае іх як ворага, а з другога, у яго выказваннях існуе павага да Злучаных Штатаў як да звышдзяржавы.

Тым не менш, па словах аналітыка, калі паглядзець на ўплыў амерыканцаў на падзеі ў Беларусі і яе ўнутраную палітыку, то ён зусім невялікі.

«Беларусь знаходзіцца ў расійскай арбіце, таму Лукашэнка перш за ўсё арыентуецца на Расію, а таксама на Кітай. Але тым не менш, мне падаецца, што ён быў бы не супраць палепшыць адносіны са Штатамі.

З яго заяваў вынікае, што ён лічыць, што так званым калектыўным Захадам кіруюць Злучаныя Штаты, а Еўропа — гэта ўсё несур’ёзна, таму ён бы хацеў палепшыць зносіны менавіта са Штатамі», — мяркуе аналітык.

На думку Фрыдмана, Лукашэнку вельмі падабалася, калі ў 2019—2020 гадах да яго прыляталі Джон Болтан і Майк Пампеа.

«Таксама ён быў зусім не супраць сустрэцца з амерыканскім прэзідэнтам. Таму на сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам яны адрэагавалі досыць нервова.

Джо Байдэн і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У эканамічным сэнсе ўплыў ЗША на Беларусь таксама нязначны, асабліва ў параўнанні з Еўрасаюзам», — адзначае Фрыдман.

Што тычыцца магчымай перамогі Трампа на выбарах, то, на думку аналітыка, у Лукашэнкі ёсць пэўныя спадзяванні на гэта, бо ён больш зразумелы Лукашэнку, чым Харыс.

Лукашэнка моцна памыляецца

«У іх падобны ўзрост, некаторыя паводзіны, папулізм, ды і на першы тэрмін Трампа выпаў перыяд паляпшэння беларуска-амерыканскіх адносін. Лукашэнку гэта, у прынцыпе, падабалася, таму, імаверна, ён пераносіць досвед першага тэрміну на тое, што можа быць», — адзначае палітолаг.

Але, на думку Фрыдмана, Лукашэнка моцна памыляецца, бо ў новай адміністрацыі не будзе такіх людзей, у якіх была б надзея выкарыстаць супярэчнасці паміж Мінскам і Масквой і паспрабаваць выцягнуць Беларусь з расійскай зоны ўплыву і тым самым паслабіць Расію. 

«Цяпер уявіць такое абсалютна нерэалістычна, тым больш, што калі будзе новая амерыканская адміністрацыя, то яна будзе паводзіць сябе інакш. У іх будуць зусім іншыя прынцыпы дзеяння. Яны цяпер засяроджаныя на Кітаі. 

А вось да Масквы ў іх рознае стаўленне. Ёсць нават ідэалісты, якія лічаць, што можна дасягнуць нейкіх кампрамісаў з РФ, каб выцягнуць Маскву з-пад кітайскага ўплыву. Бо калі гэта не ўдасца, то давядзецца змагацца адразу і з Кітаем, і з Расіяй. 

Але досыць кампрамісная рыторыка ў дачыненні да Масквы ёсць, у разліку на тое, што Масква будзе гуляць па тых правілах, якія прыдумаў Трамп. Але не выглядае, што так будзе», — мяркуе аналітык.

«І вось тут выходзіць Лукашэнка, які з’яўляецца сябрам адразу двух галоўных ворагаў: Пекіна і Масквы, які вельмі актыўна дзейнічае на кітайскім напрамку. І вось гэтыя адносіны з Пекінам могуць дрэнна паўплываць на тое, як новая адміністрацыя, калі яна будзе, будзе ўспрымаць Лукашэнку», — тлумачыць Фрыдман.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін. Фота: БелТА

Пры Трампе ў Штатаў не будзе асаблівай цікавасці да Беларусі

Акрамя гэтага, аналітык звяртае ўвагу, што ў Штатаў не будзе асаблівай цікавасці да Беларусі, як гэта было пры Болтане і Пампеа. Прычына гэтаму — разуменне таго, што Мінск знаходзіцца пад настолькі сур’ёзным уплывам Масквы, што гэта больш не самастойны гулец.

«Таму я не думаю, што ў Лукашэнкі атрымаецца нейкім чынам выбудаваць адносіны з новай адміністрацыяй, усе тыя спадзяванні хутчэй эмацыянальныя, бо Харыс яму відавочна не падабаецца. Ён яе не разумее. Яна ўвасабляе тыя самыя ліберальныя каштоўнасці, якія Лукашэнка арганічна не ўспрымае».

Камала Харыс. Фота: Andrew Harnik / Getty Images

Што тычыцца дэмакратычных сілаў, то, на думку Фрыдмана, там, хутчэй, хацелі б перамогі Харыс, бо існуе меркаванне, што «ў выпадку перамогі Харыс для беларускіх дэмакратычных сіл нічога прынцыпова не зменіцца, а вось калі прыйдзе Трамп, то будзе цяжка».

«Для Трампа тэма каштоўнасцяў не адыгрывае ніякай ролі. Там усё прагматычна, эканамічна. Логіка прыкладна такая: яны на нешта ўплываюць — не, яны могуць нам нешта даць — не, дык навошта тады мы будзем іх падтрымліваць», — так бачыць сітуацыю Аляксандр Фрыдман.

nashaniva.com