Святкаванні з трывогай, што будзе далей

Дырэктар Гайнаўскага белліцэя і ўдзельнікі афіцыйнай часткі. www.racyja.com

28-29 верасня адбыўся V З’езд выпускнікоў Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы разам са святкаваннем яго 75-годдзя. Афіцыйная частка ў спартыўнай зале распачалася з дзяржаўнага польскага гімна і школьнага „Люблю наш край, старонку гэту”. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел выпускнікі і вучні ды настаўнікі ліцэя, прадстаўнікі мясцовых уладаў, шматлікіх устаноў, беларускіх арганізацый, палітыкі і духавенства. Вядучымі былі выпускніца Ілона Карпюк (намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку) і настаўнік беларускай мовы Ян Карчэўскі. 

У артыстычнай частцы галоўным чынам выступілі выпускнікі. Пасля былі выступленні гасцей з пажаданнямі з нагоды юбілею. Прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай Павел Латушка і Аліна Коўшык ўручылі дырэктару Ігару Лукашыку медаль „Гонар і годнасць” за ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы, перадалі таксама кнігі сучасных беларускіх аўтараў у бібліятэку ліцэя. Латушка ў сваім выступленні сказаў: „Вы для нас, беларусаў з Беларусі, з’яўляецеся зоркай на шляху беларускасці, якая для мяне як міністра культуры і амбасадара была заўсёды прыкладам стаўлення да захавання нацыянальных каранёў, роднай мовы, культуры, веры. Дзякую вам за тое, што вы робіце для беларускасці тут, у Польшчы”.

У выступленнях гасцей цёплых слоў было вельмі шмат. Пра ўклад Гайнаўскага белліцэя ў шматкультурнае Падляшскае ваяводства, нават культурнасць Еўропы. Тымчасам гэты беларускі ліцэй апынуўся пад пагрозай перастаць быць беларускім ліцэем. Трывога, што будзе далей – гучала ў выступленнях дырэктара школы і прадстаўнікоў беларускага асяроддзя. Сваю занепакоенасць выказаў таксама мітрапаліт Сава, якога ліст на беларускай мове быў зачытаны.

На жаль прадстаўнікі дзяржаўнай улады ды кураторыі на святкаванні чамусьці не з’явіліся. Мабыць няёмка ім было б слухаць гэтых горкіх слоў, паколькі дзяржаўныя ведамствы менавіта давялі да таго, што два белліцэі на Падляшшы – Бельскі і Гайнаўскі – апынуліся ў сітуацыі, калі закон што абавязваў дзясяткі гадоў, раптам стаў няважным. Статут гэтых школ дагэтуль прадугледжваў, што кожны вучань павінен вывучаць беларускую мову.

Агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы быў заснаваны ў 1949 г. у выніку актыўнасці саміх беларусаў. Хутка для Гайнаўшчыны стаў ён апірышчам беларушчыны. За 75 гадоў школу закончылі тысячы вучняў. Цяпер іх 320 у 13-ці класах. 

V З’езд выпускнікоў завяршыўся ўсяночным балем, а пасля было яшчэ супольнае вогнішча. 

czasopis.pl