Дабравольскі: Беларускі рэжым ня мае чаго прапанаваць Дональду Трампу

Аляксандар Дабравольскі

Беларускі апазыцыйны палітык, старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі выказаў свае думкі пра тое, чаму ня варта зьдзіўляцца перамозе Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША.

«Мы фактычна ва ўсім сьвеце назіраем прагу да простых рашэньняў, да больш ясных і радыкальных падыходаў. Магчыма, у ЗША гэта зьвязана зь незадаволенасьцю тым, як працуюць дзяржаўныя інстытуты. Калі ж гаварыць пра саму выбарчую кампанію, дык Трамп выглядаў больш рашучым, а Дэмакратычная партыя выглядала занадта асьцярожнай. Гэта магло паўплываць на амэрыканцаў, якія вырашылі, што лепш такая яснасьць, чым калі няма ніякай яснасьці».

Паводле Аляксандра Дабравольскага, казаць, што перамога Дональда Трампа прывядзе да рэзкіх зьменаў у рэгіёне, дзе знаходзіцца Беларусь, зарана.

«Прадказальнасьць Трампа толькі ў тым, што ён непрадказальны. Але што дакладна магу сказаць пра наша, беларускае пытаньне, гэта што беларускія дэмакратычныя сілы маюць аднолькава добрыя кантакты як з Дэмакратычнай, гэтак і з Рэспубліканскай партыямі. Ідзе стратэгічны дыялёг паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Злучанымі Штатамі, вось якраз цяпер ідуць пэўныя мерапрыемствы. Гэта робіцца на падставе рашэньняў, які былі прынятыя раней. Таму асабліва хвалявацца ня трэба. Так, спакойнай сытуацыі ня будзе, але ў нас ёсьць шмат напрацовак, таму думаю, што са Злучанымі Штатамі будзе працягвацца сур’ёзная супраца».

Адносна сытуацыі ва Ўкраіне Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што падтрымка яе з боку ЗША працягнецца, а Трамп пасьля няўдалых спробаў замірыць бакі можа радыкалізавацца.

«Падазрэньні, што Дональд Трамп — крэатура Масквы, неабгрунтаваныя. Масква, напэўна, спадзявалася на прыход Трампа, бо той казаў, што дапамога Кіеву з боку ЗША будзе зьменшаная, але ня ведаю ніводнага чалавека, які б з дакладнасьцю прадказаў палітыку ЗША адносна Ўкраіны.

Мяркую, так ці інакш падтрымка Ўкраіны працягнецца. Напэўна, трэба чакаць нейкіх крокаў Трампа па ўсталяваньні кантактаў паміж Пуціным і Зяленскім і спробаў гэтую вайну спыніць.

Але пакуль гэта будзе толькі замарозка канфлікту, што не задавальняе ані Ўкраіну, ані Расею. І гэта будзе не разьвязаньне праблемы, а яе адкладаньне. І калі Трамп пабачыць, што ягоныя дзеяньні ня маюць посьпеху, ён можа радыкалізавацца. І тут насамрэч невядома чаго чакаць. У тым ліку і Расеі».

Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што беларускі рэжым у новых умовах паспрабуе палепшыць адносіны з адміністрацыяй наймацнейшай краіны сьвету, каб зьняць хаця б частку санкцый. Але ці зможа Лукашэнка гэтага дамагчыся, палітык моцна сумняецца.

«Мяркую, лёс беларускіх уладаў будзе ня самы лепшы з аб’ектыўных прычынаў. Гэтая ўлада ня ў стане разьвязаць праблемы сваёй краіны, вядзе вайну з грамадзтвам Беларусі, фактычна знаходзіцца ў вострым канфлікце з Захадам і ў складаных адносінах нават з Расеяй, якая патрабуе ўсё больш і больш.

Думаю, што найперш усё будзе залежаць ад беларускага грамадзтва і беларусаў у сьвеце. Беларусь павінна заставацца ў міжнародным парадку дня, і гэта наша задача — уплываць на такія рэчы, як стаўленьне да рэжыму.

А рэжым, канечне, паспрабуе палепшыць адносіны з Захадам, бо для яго склалася вельмі цяжкая сытуацыя. Краіна, у якую не лятаюць самалёты, якую не паважаюць, якая ёсьць чорнай дзіркай на мапе сьвету, ня мае добрых пэрспэктываў.

Аднак пытаньне: што рэжым можа прапанаваць у абмен на паляпшэньне стаўленьня да яго? Нахапаць новых закладнікаў і потым прапанаваць іх вызваліць? Толькі гэта. Але ніякай будучыні для беларускага грамадзтва ён прапанаваць ня можа.

Плюс Беларусь застаецца крыніцай дадатковай нестабільнасьці ў сьвеце, які перажывае цяжкія часы. Таму ня ведаю, што можа зацікавіць Трампа ў прапановах з боку рэжыму ў Беларусі.

Для Трампа ўласьцівая нейкая прагматыка, а ніякіх плюсаў ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю, мяркую, ня бачна. Беларусь — непрадказальная краіна, якая ўцягнутая ў падтрымку вайны.

Магчыма, што рэжым прапануе нейкае пасярэдніцтва ў адносінах Расеі з Украінай, але, прабачце, ніводзін з бакоў ня лічыць Беларусь уплывовым пасярэднікам», — пракамэнтаваў Аляксандар Дабравольскі.

svaboda.org