Швэцыя выдала першы пашпарт іншаземца грамадзяніну Беларусі

Сьцяг Швэцыі, ілюстрацыйнае фота

«Народныя амбасады Беларусі» 13 лістапада паведамілі пра першы выпадак выдачы грамадзяніну Беларусі «пашпарта іншаземца» ў Швэцыі.

У Швэцыі грамадзяніну Беларусі ўпершыню выдалі «пашпарт іншаземца», паведаміў тэлеграм-канал «Народныя амбасады Беларусі». У паведамленьні адзначаецца, што міграцыйнае ведамства Швэцыі яшчэ ў сакавіку 2024 году абвясьціла, што беларусам, якія афіцыйна пражываюць у краіне і баяцца за сваю бясьпеку на радзіме, ня варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэньня дакумэнтаў. Замест гэтага Швэцыя гатовая выдаваць так званыя «пашпарты іншаземцаў» тым, хто мае права на пражываньне ў краіне.

«Хаця прававая пазыцыя набыла моц яшчэ вясной гэтага году, пра рэальныя выпадкі выдачы пашпартоў іншаземцаў нічога не было вядома. І вось учора стала вядома, што аднаму з грамадзян Беларусі ў Швэцыі быў выдадзены пашпарт іншаземца», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пашпарт іншаземца выдаецца грамадзяніну замежнай дзяржавы, які мае дзейны дазвол на жыхарства або права на пражываньне ў Швэцыі, і пры гэтым пацьверджана, што ў яго няма праязнога дакумэнта замежнай дзяржавы і ён ня мае магчымасьці яго атрымаць.

Указ аб тым, што беларускія дыпляматычныя місіі больш ня будуць выдаваць новыя пашпарты грамадзянам краіны, якія знаходзяцца за мяжой, Аляксандар Лукашэнка падпісаў у верасьні 2023 году. З таго часу грамадзяне Беларусі, якія пражываюць за мяжой, могуць атрымліваць і абменьваць пашпарты толькі ў органе МУС па месцы апошняй рэгістрацыі або па месцы жыхарства.

svaboda.org