Шведскі холдынг прадаў мабільнага распрацоўшчыка з беларускімі каранямі Easbrain. Дорага

Распрацоўшчык мабільных казуальных гульняў родам з Беларусі Easybrain зноў стаў аб’ектам M&A угоды. На пачатку 2021 года яго купіла шведская кампанія Embracer Group за 640 мільёнаў долараў. Цяпер яна прадала актыў — у два разы даражэй.

Шведскі холдынг Embracer Group абвясціў аб угодзе па продажы Easybrain швейцарскаму паблішару мабільных гульняў Miniclip. Сума ўгоды — 1,2 мільярда долараў.

У выніку чысты доўг шведскай кампаніі (13,2 мільярда шведскіх крон, або 1,2 мільярда долараў) знізіцца да 0,5 мільярда крон (45,3 мільёна долараў), гаворыцца ў рэлізе.

Чакаецца, што ўгода будзе закрытая на пачатку 2025 года.

«Гэтая транзакцыя змяняе фінансавае становішча Embracer, ставячы нас у мацнейшую пазіцыю для росту кошту», — заявіў сузаснавальнік і CEO Embracer Ларс Вінгефорс. 

У сваю чаргу CEO Miniclip сказаў, што такія «вечназялёныя франшызы, як Sudoku.com», будуць спрыяць прыцягненню аўдыторыі.

Miniclip — швейцарскі выдавец мабільных гульняў, на рынку ад 2001 года. У лютым 2015 года стаў часткай кітайскай тэхналагічнай карпарацыі Tencent.

Easybrain прабыў у складзе Embracer Group крыху менш за чатыры гады. Шведскі холдынг набыў мабільнага распрацоўшчыка ў лютым 2021 года за 640 мільёнаў долараў. Гэта тады стала падзеяй для беларускай ІТ-супольнасці: за калег радаваліся і абмяркоўвалі, чаму шведы не спалохаліся палітычных рызык. Як мінімум год пасля гэтага ўсё яшчэ ішло добра: Easybrain была самым прыбытковым падраздзяленнем у шведскім холдынгу, і сам холдынг нарошчваў продажы.

Але потым, відавочна, сітуацыя памянялася. На пачатку 2024 года Embracer Group апынулася ў топе па колькасці звольненых супрацоўнікаў. 

Easybrain — распрацоўшчык мабільных гульняў, спецыялізуецца на галаваломках і лагічных гульнях. Колькасць супрацоўнікаў на пачатку 2024 года — 340 чалавек. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Лімасоле (Кіпр), па-ранейшаму ёсць офіс распрацоўкі ў Мінску. 

Заснавальнікі кампаніі — Пётра Скаромны, Мацвей Цімашэнка і Алег Грушэвіч.

Па выніках 2020 года Easybrain увайшла ў топ-3 самых папулярных беларускіх распрацоўшчыкаў, паводле даных Sensor Tower. Гульні і праграмы кампаніі карыстальнікі спампавалі 328 мільёнаў разоў (+75% да 2019 года).

Станам на люты 2021 года гульні Easybrain мелі 750 млн усталёвак і 12 млн карыстальнікаў на дзень. Партфоліа ўключае Sudoku.com, Nonogram.com, у 2020 годзе ў ім з’явіліся Art Puzzle, Killer Sudoku, Nonogram.com Color. На пачатку 2021 года кампанія працавала з 15 гульнямі.

devby.io