18 лістапада ў Беластоку адбудзецца ўстаноўчы сход грамадскай ініцыятывы па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку. Сярод іншага будзе абмеркавана сітуацыя з магіламі беларускіх дзеячаў на праваслаўных могілках Усіх Святых у Беластоку.
Кажа ініцыятар ідэі сходу, краяўзнаўца Аляксей Трубкін:
– Адна з найбольш важных праблем, мне здаецца, што за магілу трэба плаціць. Калі гэта ўжо няма каму рабіць, то ёсць рызыка таго, што раней ці пазней магіла можа быць страчана, на ім можа быць пахаваная іншая асоба. Таму варта было б арганізавацца людзям, для якіх гэта важна, сабраць сродкі і аплаціць месцы.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Апекі патрабуюць магілы: кампазітара і дырыжора Кастуся Кіслага (1898-1980); грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста і педагога Міколы Чарнецкага; грамадска-культурнага дзеяча Лявона Богуша (1909-1957) ды грамадскага заходнебеларускага дзеяча Сяргея Богуша (1907-1942).
На ўстаноўчы сход грамадскай ініцыятывы па ахове магіл беларускіх дзеячаў у Беластоку запрашаюцца ўсе ахвотныя. Сход адкрыты і пройдзе ў Хабе “Новая Зямля”. Пачатак а 18-й. Адрас: Хаб “Новая Зямля” ul. Wyszyńskiego 6A.