Заява Беларускага ПЭНа на Дзень пісьменніка ў няволі

15 лістапада ў свеце адзначаецца Дзень пісьменніка ў няволі (Day of the Imprisoned Writer), заснаваны ў 1981 годзе Камітэтам Міжнароднага ПЭНа. Гэты дзень прызначаны, каб прыцягнуць увагу да лёсу пісьменнікаў, журналістаў і інтэлектуалаў, якія зазнаюць пераслед або знаходзяцца ў зняволенні за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання.

Усё часцей улады ва ўсім свеце намагаюцца абмежаваць свабоду пісьменнікаў і журналістаў, прымусіць іх маўчаць. Агульная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца. Сёння Беларусь займае апошняе месца ў рэйтынгу свабоды «Freedom House» сярод дзяржаў Еўропы. У рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў» (Reporters Without Borders) Беларусь займае 157-е месца са 180 краін свету. Згодна з рэйтынгам «Freedom to Write Index» PEN America па выніках 2023 года Беларусь займае 6-е месца сярод краін свету паводле затрыманняў і зняволенняў людзей слова.

Са жніўня 2020 года краіна перажывае беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і культурнага сектара. Станам на 7 лістапада 2024 года ў Беларусі 1287 палітзняволеных. На 31 кастрычніка 2024 года ў Беларусі не менш за 164 дзеячы культуры ў няволі (каля 13 % ад усёй колькасці палітзняволеных). У няволі застаюцца не менш за 38 людзей слова (беларускія літаратары, перакладчыкі і даследчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы і тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў), якія былі затрыманыя, пераследуюцца ці асуджаныя на падставе палітычна матываваных абвінавачанняў за сваю дзейнасць або выказванне грамадзянскай пазіцыі.

Культурны сектар Беларусі цягам 4 гадоў асабліва пацярпеў: дзеячы культуры трапляюць пад цэнзуру і пераслед, шматлікія ўстановы былі зачыненыя, падзеі забароненыя, кнігі прызнаюцца «экстрэмісцкімі». Гэта прыводзіць да парушэння фундаментальных правоў кожнага беларуса. Дзеячы культуры, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў, зазнаюць жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, трапляюць у стан паслядоўных абмежаванняў, ціску, застаюцца без сувязі з сям’ёй і адвакатамі.

Зняволеных пісьменнікаў перыядычна змяшчаюць у штрафны ізалятар на працяглыя тэрміны, дзе ім забаронена карыстацца нават паперай і асадкамі, чытаць кнігі. Іх пакідаюць на самоце сярод голых сцен – што, безумоўна, з’яўляецца катаваннем для творчага чалавека. Мы дакладна ведаем, што многія зняволеныя пісьменнікі пішуць творы ў турме, аднак ёсць факты знішчэння іх рукапісаў. На гэты момант няма магчымасці атрымаць гэтыя рукапісы і няма пэўнасці, што яны захаваюцца ў зняволенні. Безумоўна, гэта вялікая страта для беларускай літаратуры і грамадства.

Згодна з Нацыянальным індэксам правоў чалавека на падставе адзнак групы экспертаў пад каардынацыяй Беларускага Хельсінкскага камітэта, індэкс права на ўдзел у культурным жыцці ў Беларусі з 4,6 у 2019 годзе знізіўся да 1,4 у 2023-м (з 10 магчымых пунктаў).

Беларускі ПЭН працягвае будаваць прастору для развіцця культуры, дыялогу і творчасці, бараніць грамадзянскія і культурныя правы і свабоды людзей слова.

Імкнучыся паспрыяць творчасці ў самых складаных умовах, Беларускі ПЭН разам з «Радыё Свабода» заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча. Прэмія даецца за літаратурныя творы, напісаныя ў няволі, і прызначаная для падтрымкі тых, хто, нягледзячы на жорсткія абмежаванні, працягвае тварыць і захоўваць голас свабоды. У адказ на спробы рэжыму раз’яднаць грамадства мы заклікаем людзей слова да адзінства і дыялогу.

У гэты Дзень пісьменніка ў няволі мы заклікаем міжнародную супольнасць, праваабарончыя арганізацыі, СМІ і кожнага неабыякавага чалавека выступіць за неадкладнае вызваленне ўсіх зняволеных пісьменнікаў і дзеячаў культуры ў Беларусі. Мы пацвярджаем нашу прыхільнасць абароне свабоды слова і выказваем салідарнасць з тымі, хто рызыкуе сваёй свабодай дзеля праўды і творчасці.

penbelarus.org


Падтрымай заяву Беларускага ПЭНа на Дзень пісьменніка ў няволі!