Сінод VIII Сінадальнага аб’яднання Евангеліцка-рэфармацкай царквы Германіі прыняў заяву ў падтрымку палітвязня Уладзіміра Мацкевіча, паведамляе “Хрысціянская візія”.
У заяве выказаныя “глыбокая заклапочанасць” і “абурэнне” ў сувязі з “несправядлівым асуджэннем Уладзіміра Мацкевіча”.“Мацкевіч быў пазбаўлены волі за рэалізацыю асноўных правоў чалавека: свабоды выказвання меркаванняў і свабоды рэлігійных перакананняў. Гэта з’яўляецца парушэннем фундаментальных правоў і свабод, якія павінны абараняцца ва ўсім свеце”, — адзначаюць рэфарматы. Яны “рашуча запатрабавалі” “неадкладнай адмены несправядлівага прысуду Уладзіміру Мацкевічу”.
23 чэрвеня 2022 года суд прыгаварыў Мацкевіча да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У лютым 2022 года Мацкевіч правёў амаль двухтыднёвую галадоўку ў СІЗА, пратэстуючы супраць таго, што з ім не праводзілася следчых дзеянняў.