Віцебскі доктар Уладзімір Мартаў, якога затрымлівалі ў Расіі, некалькі месяцаў таму змог выехаць у Еўропу. Чым цяпер ён займаецца?
Уладзімір Мартаў — адзін з першых беларускіх медыкаў, які загаварыў пра сапраўдную смяротнасць ад кавіду. У красавіку 2021-га Мартава звольнілі з Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, дзе ён быў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Мужчына з’ехаў з краіны, але ў 2024-м яго затрымалі на тэрыторыі Расіі. Пазней стала вядома, што доктар Мартаў змог выехаць у Літву.
Як вядома «Нашай Ніве», доктар дагэтуль жыве ў Літве. Цяпер ён спрабуе легалізавацца і ўжо некалькі месяцаў чакае рашэння ад міграцыйных органаў, расказалі яго знаёмыя.
Мартаў вывучае літоўскую мову і разглядае варыянты далейшай працы. У сярэднім трэба два гады, каб пацвердзіць у Літве лекарскі дыплом, выдадзены ў Беларусі. Мартаў, па словах сяброў, спадзяецца, што ў яго атрымаецца гэта зрабіць, але не надта верыць у магчымасць далей працаваць рэаніматолагам, бо гэта занадта вузкая спецыяльнасць.
Таму доктар гатовы да любой працы ў медыцыне з дыпломам. А ў вольны час, як ён расказвае сябрам, піша філасофскія тэксты.