Аляксей Дзікавіцкі расказаў пра новае месца працы

Аляксей Дзікавіцкі. Фота: Наша Ніва

Былы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі ўзначаліць праект па стварэнні стрымінгавай платформы для незалежных беларускіх медыяў Belarus Tomorrow. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.

«Менавіта да гэтага праекту я цяпер далучаюся ў якасці галоўнага менеджара, дзякуючы за запрашэнне і давер. Практычна ўсё трэба пачынаць з нуля, дарога складаная і пры пакуль абмежаваных сродках, але затое з поўнай запалу і ідэяў невялікай камандай — прыкладна так, як было 18 гадоў таму, калі стартаваў мой папярэдні праект, з якога ў выніку вырасла сапраўдане тэлебачанне. Так, з Божай дапамогай, будзе і гэтым разам», — напісаў Аляксей Дзікавіцкі.

Belarus Tomorrow — гэта першая стрымінгавая платформа для незалежных беларускіх медыяў. Яна транслюе відэакантэнт на спадарожніку і праз прыкладанне для платформы Google TV.

Гэты праект стварыў кансорцыўм «Медыярынак», зарэгістраваны ў Польшчы. Ён аб’ядноўвае тры выданні: «Еўрарадыё», Malanka Media і «Белорусы и рынок». Плануецца, што ў перспектыве далучацца і іншыя беларускія незалежныя медыі. Стваральнікі разглядаюць платформу як зародак нацыянальнага грамадскага тэлебачання, якое мусіць стаць альтэрнатывай афіцыйнай прапагандзе.

Belarus Tomorrow ўваходзіць у пакет спадарожнікавых тэле- і радыёканалаў «Свабода», які запусціла сёлета праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

«Мушу расчараваць аматараў тэорыяў змовы — развітваючыся з Белсатам я не ведаў пра тое, што ў Belarus Tomorrow патрэбны кіраўнік праекту, званок у гэтай справе быў поўнай нечаканасцю. Праўду кажуць, што калі Бог зачыняе дзверы, дык адчыняе вакно», — дадаў Аляксей Дзікавіцкі.

Аляксей Дзікавіцкі выконваў абавязкі дырэктара «Белсата» з сакавіка 2024 года пасля звальнення Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. 15 лістапада рэдакцыя даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы – Аліны Коўшык. Дзікавіцкі фактычна адразу падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання заяву аб звальненні на ўласнае жаданне.

Новы ўрад Польшчы, сфармаваны па выніках парламенцкіх выбараў, у канцы 2023 года распачаў працэдуру рэарганізацыі грамадскіх СМІ. 

9 лютага каманда «Белсата» ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсата».

На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканала «Белсат». У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У канцы траўня з‑за абмежаваных фінансавых магчымасцяў «Белсат» пераехаў на старое месца, з якога пачынаўся тэлеканал. 4 ліпеня кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».

8 ліпеня ліквідатар TVP накіраваў у пракуратуру паведамленне пра фінансавыя парушэнні, невыкананне службовых абавязкаў і злоўжыванне паўнамоцтвамі папярэднім кіраўніцтвам тэлеканала «Белсат», у тым ліку былой дырэктаркай і галоўнай рэдактаркай Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

Спачатку дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэтае паведамленне. А следам супрацоўнікі тэлеканала звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай захаваць «Белсат».

baj.media