138 гадоў таму нарадзіўся кампазітар і хормайстар Мікола Равенскі — аўтар музыкі да гімну «Магутны Божа».
Беларускі кампазітар і фалькларыст Мікола Равенскі нарадзіўся 5 снежня 1886 года ў маёнтку Капланцы (цяперашні Чэрвеньскі раён), дзе ягоны бацька працаваў садоўнікам. Музычная адукацыя давалася яму паступова, этапамі. У 1895 – 1903 гг. вучыўся ў мінскім архірэйскім хоры, дзе атрымаў пачатковую музычную адукацыю. У 1903-м накіраваны ў Мінскі мужчынскі манастыр як дырыгент тамтэйшага хору. У 1905-м пераехаў у Наваградак, дзе працаваў дырыгентам царкоўнага хору і выкладаў музыку ў школах. У 1912-1914 гг. прайшоў курсы рэгента царкоўнага хору ў Маскве.
У 1920 г. пачаў кіраваць хорам пры Беларускім Работніцкім Клубе ў Мінску. Тады з’явіліся ягоныя першыя песні на вершы Максіма Багдановіча («Ня кувай ты, шэрая зязюля», «Завіруха», «Слуцкія ткачыхі»), Канстанцыі Буйло («Люблю наш край», «Каб я крыльле мела», «Я шукала»), сюіта «Курган», уступ да паэмы «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча, песня «Ах ты, Нёман-рака» на словы Ц. Гартнага.
У 1922 годзе ў Мінску выйшаў друкам амаль увесь тагачасны ягоны рэпэртуар — «Зборнік песьняў з нотамі». Пасля забароны дзейнасці эсэраў Равенскі на нейкі час перайшоў на працу хормайстра ў Беларускі Дзяржаўны Акадэмічны тэатр. Пісаў музыку да аперэты «Залёты» (на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча).
Равенскі выехаў у Маскву па адукацыю ў 1923 годзе, там пражыў сем гадоў, закончыўшы музычны тэхнікум пры кансерваторыі (1927) i кампазітарскі аддзел кансерваторыі (1930). Лёс сутыкнуў яго там з выдатным паэтам Уладзімірам Дубоўкам. Уплыў Дубоўкі на фармаванне Равенскага быў надзвычай моцны. У Маскве Равенскі шмат кампанаваў (22 фугі, кантата для хору з аркестрам, прэлюдыя для фартэпіяна). Песенныя кампазіцыі пісаў на словы Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына», «Такая ноч») i Я. Купалы («У вырай»). Пад уплывам Дубоўкі звярнуўся да музычнай крытыкі і напісаў два крытычныя артыкулы ва «Узвышша». Скампанаваў оперу «Браніслава» на лібрэта Дубоўкі (не захавалася).
У 30-я гады Равенскаму нейкім цудам удалося пазбегчы лёсу беларускай творчай інтэлігенцыі: ён застаўся на волі, хоць ягоная кампазіцыя «Ліпнёвы гімн» на словы Дубоўкі партыйцамі акрэсленая як «нацдэмаўская».
М. Равенскі працаваў выкладчыкам у музычным тэхнікуме ў Мінску, потым у кансерваторыі. У 1940-м пераехаў у Магілёў, у 1941 зноў вярнуўся ў Мінск.
У дзень пасля выбуху нямецка-савецкай вайны ў пажары згінулі ўсе ягоныя рукапісныя і надрукаваныя творы.
З 1943-га Равенскі працаваў рэгентам царкоўнага хору ў Чэрвені, дзе кампанаваў музыку да малітваў. Тут таксама паўторна напісаў два акты аперэты «Залёты».
У 1944-м выехаў у Германію. Працаваў настаўнікам спеваў у Беларускай Гімназіі імя Янкі Купалы i ў беларускай гімназіі ў Остэргофене. Там скампанаваў наступныя свае выдатныя творы: «Беларускую фантазію» для скрыпкі і фартэпіяна, раманс «Ноч над Менскам» на словы Дубоўкі, царкоўны гімн «Магутны Божа» на словы Н. Арсенневай.
Вось увесь тэкст гэтай песні (слова «гімн» у дачыненні да яе выкарыстоўваецца неафіцыйна).
Магутны Божа! Уладар сусветаў, Bялікіх сонцаў і сэрц малых!
Над Беларусяй, ціхай і ветлай,
Рассып праменні свае хвалы.
Дай спор у працы штодзённай, шэрай, На лусту хлеба, на родны край,
Павагу, сілу і веліч веры,
У нашу праўду, у прышласць — дай!
Дай урадлівасць жытнёвым нівам, Учынкам нашым пашлі ўмалот!
Зрабі магутнай, зрабі шчаслівай
Краіну нашу і наш народ!
У іншым варыянце замест «зрабі магутнай» гучыць «зрабі свабоднай».
У 1950-м пераехаў у Лювен у Бельгіі, дзе арганізавалася актыўнае беларускае студэнцкае асяроддзе. Арганізаваў студэнцкую вакальную групу, выступаў з ёю ў Бельгіі, Францыі і Нямеччыне, запісаў грамафонныя кружэлкі з беларускімі свецкімі і рэлігійнымі песнямі. Памёр 9 сакавіка 1953 года ў Лювене.