Беларускі інстытут публічнай гісторыі вярнуў яшчэ адно імя ахвяры камуністычнага тэрору

Пратакол ператрусу ў Аўсейчыка Васіля Іванавіча

Беларускія даследчыкі з інстытуту публічнай гіторыі вярнулі з небыцця імя яшчэ адной ахвяры камуністычнага тэрору.

На сайце ay.by даследчыкі з незалежнай інстытуцыі знайшлі пратакол ператрусу ў Аўсейчыка Васіля Іванавіча.

«Ператрус адбываўся 10 верасня 1937 году, у Менску на вуліцы Фабрычна-завадская, 28. Яго праводзіў супрацоўнік НКВД БССР Нікіценка. У якасці панятых прысутнічалі Сохар П. і Бабчонак Канстанцін Аляксеевіч.

У адкрытых базах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Аўсейчыка не адшукаў. Ягонае імя можа быць у базе неабгрунтавана рэпрэсаваных у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (налічвае 180 тысяч прозвішчаў). Але з 2018 года НАРБ пазапраўна схаваў яе ад грамадзянаў.

Дзякуючы іншым крыніцам удалося ўстанавіць лёс гэтага чалавека», — напісалі беларускія даследчыкі з інстытуту публічнай гісторыі.

Васіль Аўсейчык нарадзіўся ў 1894 годзе ў вёсцы Рожкі, цяпер Гарадзенская вобласць. Яго арыштавалі 10 верасня 1937 года ў межах так званай «Польскай аперацыі». 6 снежня 1937 г. Камісія НКВД і Пракуратуры СССР у складзе наркома Яжова і пракурора Вышынскага асудзіла Васіля Аўсейчыка па артыкуле 68 Крымінальнага кодэкса БССР (шпіянаж) да расстрэлу (пратакол № 478). Прыгавор выкананы 29 снежня 1937 года, верагодна, у Менску.

Пасля Указа прэзідыума Вярхоўнага савета СССР ад 16.01.1989 справа Аўсейчыка была спыненая праз адсутнасць складу злачынства.

Зараз імя Васіля Аўсейчака дададзена ў базы ахвяраў сталінскага тэрору.

budzma.org