Выйшла новая кніга, прысвечаная Алесю Бяляцкаму

У Беластоку выйшла з друку новая кніга, прысвечаная Нобелеўскаму лаўрэату прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Выданне называецца “За беларускае жыццё…”. Выданне якраз прымеркаванае да 10 снежня – Дня сусветнай дэклярацыі правоў чалавека і другой гадавіны прызнання Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму.

Выданне стала магчымым дзякуючы супольнай працы трох беластоцкіх структураў: Беларускага Радыё Рацыя, тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” і Цэнтра Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь.

Змест кнігі складаюць размовы Міхася Андрасюка з Алесем Бяляцкім з цыклу “Вочы ў вочы”, якія гучалі на Беларускім Радыё Рацыя, успаміны Алеся Бяляцкага пра музей Максіма Багдановіча, якія таксама друкаваліся на нашым сайце, інтэрв’ю Алеся Бяляцкага, якія гучалі на нашым радыё, Нобелеўская прамова, якую зачытвала жонка лаўрэата Наталля Пінчук, апошняе слова Бяляцкага на палітычным карным працэсе і яго лісты з савецкага войска, якія друкуюцца ўпершыню.

Выданне багата аформленае рэдкімі фотаздымкамі розных гадоў, некаторыя з якіх публікуюцца ўпершыню.

racyja.com