Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук падводзіць эканамічныя вынікі году, тлумачыць наступствы для Беларусі ўсё большай залежнасьці ад Расеі і дае два варыянты эканамічнага прагнозу на 2025 год.
Сьцісла:
- Тэзіс, што беларуская эканоміка прыстасавалася да санкцыяў, выглядае спрэчным.
- Адно з наступстваў санкцый — татальная залежнасьць беларускай эканомікі ад Расеі.
- Да 90% беларускага экспарту ці беспасярэдна, ці ўскосна залежныя ад Расеі.
- Ва ўмовах заходніх санкцыяў відавочнае нежаданьне трэціх краінаў працаваць зь Беларусьсю.
- Рост ВУП на 1,5-2% у 2025 годзе — найбольш рэалістычны прагноз.
— На пачатку 2024 году прагнозы беларускіх незалежных эканамістаў былі, наколькі памятаю, пераважна пэсымістычнымі. Аднак беларуская эканоміка прадэманстравала някепскі рост — ВУП павялічыўся ў раёне 4%. Чым гэта было выклікана, якія чыньнікі паспрыялі?
— Я б вылучыў тры асноўныя чыньнікі. Першы — грунтоўны рост заробкаў, які склаўся на фоне дэфіцыту працоўнай сілы. Гэтая акалічнасьць працягвае заставацца актуальнай, хаця і ў меншай ступені. Адпаведна — павялічэньне спажывецкай актыўнасьці забясьпечыла рост у эканоміцы. Тут таксама можна адзначыць спажывецкі аптымізм. Гэта больш псыхалягічная катэгорыя, але ў выніку яе хатнія гаспадаркі даволі актыўна трацілі грошы.
Другі чыньнік — паскораны эканамічны рост у Расеі, якая застаецца галоўным беларускім гандлёвым партнэрам. Гэтае ваеннае стымуляваньне, бюджэтныя ўліваньні выканалі сваю ролю, што прывяло да попыту на беларускія тавары.
Трэці чыньнік — улады рознымі манэтарнымі спосабамі падштурхоўвалі эканоміку, напампоўвалі яе стымуламі, улівалі дадатковыя грошы празь бюджэт, што стварала дынаміку разгону эканамічнага росту.
— Што было галоўнымі праблемамі для беларускай эканомікі ў годзе, які адыходзіць? Што за тэндэнцыі былі закладзеныя, якія могуць працягнуцца і разгарнуцца налета?
— Празьмерны рост заробкаў адбыўся за кошт бізнэсу і рэальнага сэктару, за кошт пагаршэньня стану дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. У дзяржаўным сэктары гэта падтрымлівалася адміністрацыйна і празь бюджэт, які атрымліваў дадатковыя грошы ад Расеі. З прычыны дэфіцыту працоўнай сілы шмат якія прыватныя фірмы зыходзілі зь лёгікі: калі не змагу прапаноўваць больш высокія заробкі, застануся без работнікаў. Сытуацыя на рынку працы такая, што выйсьця няма: даводзіцца падвышаць заробкі нават за кошт страты рэнтабэльнасьці.
У вынікі фінансавы стан рэальнага сэктару эканомікі цяпер вельмі хісткі. І гэта адзін з галоўных выклікаў для эканамічнага разьвіцьця.
Другая праблема — няпростыя наступствы пастановы № 713 пра адміністрацыйнае рэгуляваньне цэнаў. Гэта стварае схаваную назапашаную патэнцыйную інфляцыю. Як яе стрымаць — гэта вялікая праблема, зь якой давядзецца змагацца ўраду.
Трэцяе — гэта праблема, якая можа нарастаць: рост дэфіцыту гандлёвага балянсу. Пакуль ён не дасягнуў тых маштабаў, якія пагражаюць фінансавай і макраэканамічнай стабільнасьці. Але трэба ўлічваць, што, паколькі доступ да замежнага фінансаваньня вельмі абмежаваны з розных, у тым ліку палітычных, прычынаў, то ўзровень дэфіцыту гандлёвага сальда становіцца сур’ёзнай праблемай.
— Ці можна сказаць, што беларуская эканоміка нейкім чынам прыстасавалася да існаваньня ва ўмовах заходніх санкцыяў? Як гэта можа паўплываць на яе стратэгічнае разьвіцьцё ва ўмовах абмежаванага доступу за перадавых тэхналёгіяў?
— Я б не выкарыстоўваў тэзіс, што беларуская эканоміка прыстасавалася да санкцыяў. Проста Расея кампэнсавала страты ад гэтых санкцыяў, што дазволіла беларускай эканоміцы заставацца нібыта ў някепскім стане. Гэта не натуральная адаптацыя. Усе лягістычныя і транспартныя шляхі ідуць праз Расею.
У выніку мы маем татальную залежнасьць беларускай эканомікі ад Расеі. Можна спытаць: а ў чым навіна? Навіна ў ступені і маштабе гэтай залежнасьці. Калі раней мы вялі размову толькі пра энэргетычную залежнасьць і Расею як галоўны рынак збыту, то цяпер залежнасьці нашмат болей.
Значна больш экспарту ідзе ў Расею — каля 65% наўпрост, а яшчэ каля 20% транспартуецца лягістычна ці плацежна праз Расею. У выніку да 90% беларускага экспарту ці беспасярэдна, ці ўскосна залежныя ад Расеі. Гэта дастаткова страшная сытуацыя.
Яшчэ адзін аспэкт: значна больш сфэраў сталі сыстэмна і інстытуцыйна залежныя ад Расеі. Гэта, напрыклад, фіскальная сфэра. Сёньня да 10% рэспубліканскага бюджэту — гэта сродкі, якія атрымліваюцца праз Расею праз мэханізм ускоснага акцызу ці іншыя шляхі. І можна сказаць, што бюджэтная і фіскальная стабільнасьць краіны залежыць ад Расеі, якая ў любы момант можа яе падарваць.
Тое самае маем у фінансавым сэктары праз усё большую штучную прывязку да расейскага рубля і пашырэньне сфэры ягонага ўплыву. Тое самае адбываецца і ў іншых кірунках — я маю на ўвазе панаваньне расейскага софту і гэтак далей.
— Беларускія ўлады гавораць пра новыя рынкі ў трэцім сьвеце, «глябальным Поўдні». Адбываюцца дзяржаўныя візыты ў розныя краіны таго рэгіёну, але, здаецца, асаблівых посьпехаў не відаць. Чаму?
— Здаецца, адказ дастаткова відавочны. Галоўнае — недахоп канкурэнтаздольнасьці ў беларускай прадукцыі. Да таго ж ва ўмовах заходніх санкцыяў відавочнае нежаданьне трэціх краінаў працаваць зь Беларусьсю. Плюс дадатковыя цяжкасьці зь лягістыкай, якія могуць адбівацца на надзейнасьці паставак ці на іх цане.
І ў гэтых умовах вывесьці тавары на нейкія афрыканскія ці азіяцкія рынкі становіцца значна цяжэй. Нават калі экспарт у Кітай, напрыклад, узрастае, то ён ідзе праз расейскія парты альбо расейскую чыгунку.
— Які прагноз можна даць на наступны год, улічваючы цяперашнія тэндэнцыі? Вядома, у варыянце, калі не адбудзецца нейкіх радыкальных геапалітычных ды іншых зьменаў. Якім будзе ВУП, замежны гандаль, курс беларускага рубля?
— Павінен зрабіць агаворку, што ў сваім прагнозе мы абапіраемся на найбольш імаверны сцэнар, з імавернасьцю, вышэйшай за 50 працэнтаў.
На гэты момант найбольш магчымы варыянт — гэта спроба ўлады рухацца па той самай траекторыі, што была ў 2024 годзе. Яны хочуць дадаткова стымуляваць інвэстыцыі і разьлічваюць, што будзе паступова згасаць спажывецкая актыўнасьць. І пры гэтым будзе захоўвацца спрыяльная атмасфэра на расейскім рынку, вялікі попыт на беларускую прадукцыю.
У выніку ўлады даюць прагноз на 3,8% росту ВУП. На мой погляд, гэта вельмі малаімаверна. Наўрад ці будзе працягвацца такі ж высокі попыт з Расеі, бо рост расейскай эканомікі будзе з розных прычынаў запавольвацца.
Па-другое, ці змогуць улады рэалізаваць мэту нарасьціць інвэстыцыі? У іх ужо былі ў апошнія гады такія спробы, але не заўсёды гэта ўдавалася. Улічваючы тыя рызыкі, якія мы пералічылі (у тым ліку інфляцыйную навісь), каб гэтыя рызыкі мінімізаваць, уладам давядзецца прымаць абмежавальныя захады, якія могуць прыпыніць рост эканомікі.
У выніку, я лічу, рост будзе запавольвацца. Рост ВУП 1,5-2% у 2025 годзе — самы рэалістычны варыянт. Рост заробкаў, магчыма, працягнецца, але ня будзе такім прыкметным, як у 2024-м.
Што да курсу рубля адносна амэрыканскага даляра, то ў базавым сцэнары, калі ня будзе маштабных забурэньняў, варта чакаць за год паступовую дэвальвацыю на 10-12%.
Але гэта базавы сцэнар. Нельга выключаць і іншы, шокавы, варыянт: магчымае падзеньне ВУП у Расеі, фінансавая дэстабілізацыя там ці ўласная фінансавая дэстабілізацыя ў Беларусі — гэта ўсё таксама імаверна. І гэта можа хутка разваліць той картачны дамок, які я апісаў у асноўным сцэнары.