Падчас візіту на Дні Беларусі ў Брусель беларуская лідарка ўзяла ўдзел ў гала-імпрэзе вядомага выдання POLITICO Europe у якасці спікеркі.
Урачысты вечар прысвячаўся прадстаўленню штогадовага рэйтынгу самых уплывовых людзей у Еўропе, які публікуе выданне. Існуе тры катэгорыі: «дзеячы» (doers), «парушальнікі» (disrupters) і «летуценнікі» (dreamers), і ў розны час туды траплялі Дональд Туск, Джорджыя Мелоні, Уладзімір Зяленскі, Сана Марын, Олаф Шольц. Сёлета сярод удзельнікаў можна было заўважыць як вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, так і топ-менеджэраў буйных кампаніяў накшталт Microsoft, Uber, L’Oreal.
Пра што казала Святлана Ціханоўская падчас прамовы?
Дэмакратыя:
«Я веру ў дэмакратыю. Але патрэбна мець мужнасць скарыстаць усе сродкі, каб змагацца з дыктатарамі. І тут адказнасць ляжыць не толькі на палітыках, але і на прыватным сектары, на тэхналагічных кампаніях, якія павінны быць адзінымі, думаць нестандартна. Змаганне з дыктатурай – гэта не лакальная, а глабальная праблема. Маральная адказнасць кожнага – зрабіць свой унёсак у гэтае змаганне».
Што дапамагае працягваць змагацца:
«Боль – мой самы вялікі матыватар. Боль за ўсіх людзей за кратамі. Людзей, якія ахвяравалі сваім жыццём, сваёй воляй. І ты жывеш з гэтым болем кожны дзень.
Мой другі матыватар – беларускі народ. Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, нягледзячы на нязменны страх у краіне, беларусы не здаюцца.
І трэцяе – нашыя дэмакратычныя партнёры. Я сапраўды адчуваю, як шмат людзей далучыліся да змагання беларусаў. Мы не самотныя. Але часам я сустракаю палітыкаў ці актывістаў з пустэчай у вачах. Людзей, якім усё адно, якія не хочуць дапамагаць. І маё заданне – запаліць у людзях імкненне дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу».