Найноўшы серыял пра паўстанне 1863–1864 гадоў выйшаў па-беларуску

Дзявайціс. Крыніца: TVP VOD

Серыялы па-беларуску з’явіліся на адной з найбольш папулярных стрымінгавых платформаў Польшчы «TVP VOD». Сярод іх – польскі серыял пра паўстанне 1863–1864 гадоў «Дзявайціс», створаны паводле матываў раману нарадзінкі Беларусі Марыі Радзевіч. Гэта сталася магчымым дзякуючы супрацы «Белсату» з TVP.

Серыял «Дзявайціс» (2023) складаецца з сямі серыяў і беспасярэдне звязаны з Беларуссю.

Ён створаны паводле раману пісьменніцы Марыі Радзевіч, якая паходзіла з вёскі Пянюга (сёння – Зэльвенскі раён). Сям’я Радзевіч была сасланая ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, а іхны маёнтак канфіскаваны. Па вяртанні на радзіму яны атрымалі ў спадчыну іншы маёнтак у Беларусі – Грушава на Палессі. Тут рос дуб Дзявайціс, які і даў назву аднайменнаму раману. Але Радзевіч перанесла падзеі, якія адбываліся ў часе паўстання 1863–1864 гадоў у сённяшнім Кобрынскім раёне і побач з рэчкаю Мухавец, на тэрыторыю Жмудзі-Літвы.

Паводле апісання серыялу, «галоўны герой твору – Марэк Чэртван, чалавек слова і гонару, які абяцае бацьку выканаць ягонае перадсмяротнае жаданне. І фактычна паклаў жыццё дзеля служэння гонару. Марэк – быццам легендарны асілак – паспяхова спраўляецца з усімі цяжкасцямі і перашкодамі, якія яго напаткалі, а ў выніку сустракае каханне».

Серыял «Дзявайціс» – і пра нас, беларусаў, ды пра тое, што «гісторыю можна не любіць, але яе не зменіш».

Cерыялы на «TVP VOD». Крыніца: TVP VOD

Акрамя «Дзявайцісу», на «TVP VOD» можна глядзець наш серыял «Працэсы» і польскія серыялы па-беларуску «Дом» (1980), «Камісія забойстваў» (2016), «Ваенныя дзяўчаты» (2017), «Дарогі свабоды» (2018), «Малады Пілсудскі» (2018), «Стагоддзе Вінных» (2019), «Дом пад двума арламі» (2021), «Карона каралёў. Ягелоны» (2022).

Паводле даследаванняў, «TVP VOD» уваходзіць у тройку найбольш папулярных стрымінгавых платформаў Польшчы і мае лепшыя паказнікі за такіх гігантаў, як «Disney+» і «Amazon Prime Video». У параўнанні з лістападам 2023 года колькасць карыстальнікаў стрымінгавай платформы павялічылася на 7,34 % – да 2,86 млн.

ББ, belsat.eu