Беларускі пісьменнік Сяргей Календа напісаў кніжку для дзяцей на трох мовах і збірае грошы на яе выданне пры дапамозе краўдфандынгу

«Хлопчык Томчык» — такую назву мае новая кніга беларускага пісьменніка Сяргея Календы, на выхад якой проста цяпер ідзе збор сродкаў на платформе Kickstarter. Твор напісаны на трох мовах — беларускай, расійскай і англійскай, і распавядае пра жыццёвыя прыгоды хлопчыка, які «вельмі любіць гуляць і зусім не любіць спаць».

Пісьменнік, культуролаг, рэдактар часопіса «Мінкульт» Сяргей Календа добра вядомы творамі для дарослай аўдыторыі — ён аўтар кніг «Іржавы пакой з белымі шпалерамі», «Трохлітровая проза», «Кантынентальны сняданак» ды іншых працаў. Гэтым разам аўтар захапіўся дзіцячай літаратурай і, па яго словах, не хоча спыняцца.

«Ідэя «Хлопчыка Томчыка» ўзнікла сама сабой: калі нарадзіўся сын, мы сталі кожны вечар чытаць кнігі, — распавёў пра будучае выданне Сяргей. — Паступова пачалі з’яўляцца гісторыі. Учынкі майго сына Томаса падказалі некаторыя, або ён сам прапаноўваў мне напісаць гісторыю перад сном.

Сяргей Календа с сынам. Фота: facebook.com/sergie.kalenda

Я вырашыў напісаць кнігу на трох мовах, каб мець магчымасць на практыцы вучыць дзяцей адразу тром мовам, — падкрэслівае аўтар і бацька. — Я, напрыклад, стараюся падтрымліваць развіццё сваіх дзяцей па англійскай, беларускай і рускай мовах. Ужываем некалькі польскіх і літоўскіх слоў, трохі нямецкіх. Перад сном мы лёгка можам скончыць кнігу па-беларуску і пачаць па-руску, плюс мы дадалі зборнік песень на літоўскай мове… Тры мовы ў адной кнізе дапамагаюць дзецям засвоіць шмат новых слоў».

Іншымі словамі, «Хлопчык Томчык» у пэўным сэнсе стварае новую прапанову для беларускіх сям’яў, якія зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці лягчэй уваходзілі ў мультыкультурны асяродак, ці, вывучаючы іншыя мовы, не забываліся на сваю.

Старонка з кнігі «Хлопчык Томчык». Фота: facebook.com/sergie.kalenda

Кніга аздоблена ілюстрацыямі беларускай мастачкі Марыі Шэндзель.

«Маёй задачай было не толькі праілюстраваць гісторыю, але і перадаць эмоцыі аўтара. Разам з Сяргеем мы распрацоўвалі галоўных герояў, каб яны адпавядалі кнізе, — падзялілася яна тым, як ішла праца над творам. — Кожнага героя мы надзялілі знешнімі рысамі, якія дапамагаюць раскрыць яго характар. Ілюстрацыі ў гэтай кнізе дапаўняюць сюжэт, паказваючы адсутныя дэталі, важныя ў агульнай карціне».

Як адзначаецца ў анатацыі, кніга «Хлопчык Томчык» расказвае пра тое, «як можна са слязьмі на вачах адпачываць у Егіпце, атрымліваць асалоду ад бацькоўства і забаўляльных простых рэчаў, выхоўваючы дзіця, і, нарэшце, пра паездку ў літоўскі Вільнюс».

Твор ужо гатовы для друку, засталося яго толькі выдаць. Акурат дзеля гэтага аўтары абвесцілі збор на Kickstarter.

«На дадзены момант, калі ўсе незалежныя выдавецтвы ў Беларусі зачынены, ідзе татальны пераслед культуры, варта ствараць новае, ствараць насуперак, дзеля лепшай будучыні, і не сумаваць!», — падкрэслівае Сяргей Календа.

«Сабралі 8% ад патрэбнай суммы, — піша аўтар на сваёй старонцы ў facebook. — Кікстартэр дазваляе сабраць толькі 100 адсоткаў, інакш праект ня будзе лічыцца паспяховым, і нічога не атрымаецца.».

Падтрымаць выданне можна тут.

budzma.org