Ян Абадоўскі: Мы не можам стаміцца

Сёлета беларуская дыяспара Беластока правяла шэраг традыцыйных акцый, займалася дапамогай палітычным вязням і беларускім добраахвотнікам. Пра гэта, а таксама пра тое, як складваюцца стасункі дыяспары з дэмакратычнымі сіламі і мясцовымі ўладамі, «Радыё Рацыя» размаўляе з – Янам Абадоўскім, прадстаўніком беларускай дыяспары ў Беластоку.

РР: Якім аказаўся 2024 год у святле беларускай дыяспары, лепшым ці горшым за 2023 год?

Ян Абадоўскі: Мне здаецца, што год насамрэч быў вельмі цяжкі, таму што, на жаль, рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Кожны дзень затрымліваюць людзей за акцыі 2020 года, прыходзяць да людзей, якія падпісаныя на так званыя экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, за лайкі на Фэйсбуках. І кожны дзень ідуць арышты. На жаль, таксама гінуць за кратамі палітычныя зняволеныя. Таму менавіта для нас нічога не змянілася, мы правялі сёлета больш за 20 мерапрыемстваў і ў цэнтры Беластока, і ў каля кансулята ў скверы Вольнай Беларусі. Праводзілі акцыі ў падтрымку палітзняволеных, таксама былі акцыі, прымеркаваныя да розных падзеяў. Калі кораценька, то можна, канешне, падсумаваць гэты год як яшчэ адзін год змагання за нашу незалежнасць, за тое, каб наша краіна была вольнай, і ў падтрымку нашых палітзняволеных.

РР: А ці заўважаеце вы змены ўнутры самой беларускай дыяспары, той актыўнай часткі дыяспары, з якой вы кантактуеце?

Ян Абадоўскі:Зразумела, што шмат асобаў стамілася ўжо ад такой актыўнасці, якая была, напрыклад, у 2020 годзе, але маем актыў дыяспары, якая праводзіць розныя мерапрыемствы і, на жаль, мы не можам стаміцца, таму што сёння за кратамі знаходзяцца тысячы асобаў у Беларусі, і мы павінны паказваць еўрапейскай грамадскасці ці польскай грамадскасці тое, што 50 кіламетраў адсюль людзі кожны дзень затрымліваюцца за свае погляды, за тое, што хочуць жыць у новай краіне. І мы павінны выходзіць і паказваць, што мы салідарныя з гэтымі людзьмі, якія сядзяць за кратамі, але мы таксама не забываемся пра іншыя рэчы, якія  адбываюцца ў свеце, у тым ліку мы рабілі таксама акцыі ў падтрымку Украіны, мы дапамагаем беларускім добраахвотнікам. Кожны робіць тое, што можа рабіць на сёння.

РР: Гэты год дыяспара ўжо існавала ў новым польскім палітычным полі, паколькі прыйшла да ўлады іншая палітычная партыя. Ці адчулі вы гэтыя змены?

Ян Абадоўскі: У нас з 2020 года вельмі добрыя стасункі з гарадскімі ўладамі. Сёлета мы арганізоўвалі некалькі акцый сумесна з гарадскімі ўладамі і пры іх дапамозе. І вельмі дзякуем за гэта гарадскім уладам. Заўжды, калі ёсць такая магчымасць, яны нас падтрымліваюць, прыходзяць на нашыя акцыі, выступаюць, і заўжды паказваюць сваю салідарнасць з беларускім народам.

Сапраўды нічога не змянілася, мы далей падтрымліваем кантакты, і вельмі файна, што ў гарадскіх уладаў, у ваяводскіх уладаў ёсць людзі, якія разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, і якія паказваюць салідарнасць з беларускім народам.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Яна Запольская, racyja.com,
фота Юрася Дзяшука