
Графічны дызайнер, актывіст беларускай дыяспары ў Беластоку Сяргей Стальмакоў выехаў з Беларусі пасля падзей 2020 года. Ён падводзіць вынікі 2024 года ў сваёй палітычнай і актывісцкай дзейнасці.
РР: Цяпер адыходзіць 2024 год, хацеў бы пагаварыць з вамі пра вынікі года, як вы яго ацэньваеце, як ён прайшоў для вас, як ён прайшоў для вашага палітычнага руху, які вы прадстаўляеце. Можа пачнём акурат з ініцыятывы вашага ўдзелу ў гэтых выбарах у каардынацыйную раду, што адбыліся ўвесну.
— Пяты год пайшоў з моманту эміграцыі. Вось-вось наступіць пятая гадавіна. Ведама, усе гэтыя гады ў эміграцыі былі цяжкімі для нас, тых, хто пакінуў Беларусь. Але яны не менш цяжкія, а можа, нават больш цяжкія для беларусаў, што засталіся дома. Для актыўных беларусаў, што не застаюцца абыякавымі да лёсу краіны, будучыні сваіх дзяцей, унукаў і г.д.
Асабіста я і людзі, якія не апусцілі рукі за гэтыя гады эміграцыі, стараемся нешта рабіць, рабіць хаця б невялікія індывідуальныя крокі. Усе яны — з надзеяй, што мы зможам наблізіць сваё вяртанне ў Беларусь і ператварэнне яе ў нармальную, дэмакратычную, цэнтральнаеўрапейскую дзяржаву. Дзяржаву, што прызнае міжнароднае права і мае ўласнае заканадаўства, што працуе ў інтарэсах грамадзян.
Гэта заканадаўства павінна абараняць інтарэсы ўсіх грамадзян, а не асобных груп ці груповак. У такой краіне грамадзяне будуць мець магчымасць свабодна выбіраць дзяржаўных кіраўнікоў — менеджараў, адказных за іх дабрабыт і бяспеку.
У гэтым кантэксце першая палова 2024 года прайшла пад знакам выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. У пачатку года пачаліся першыя падрыхтоўчыя мерапрыемствы да гэтых выбараў. З’явіліся палітычныя сілы, якія планавалі ўдзельнічаць у фарміраванні новага складу рады.
Я для сябе пастанавіў, азнаёміўшыся з пэўнымі праграмнымі тэзамі, далучыцца да блока Пракоп’ева-Ягорава. Мне блізкія тыя каштоўнасці, якія дэкларуе гэты блок, таму я да яго і далучыўся.
Мы правялі даволі актыўную выбарчую кампанію. Перадвыбарчы перыяд быў вельмі напружаны. Гэта і агітацыя, і паездкі, і размовы з людзьмі, сур’ёзная актыўнасць у сацыяльных сетках. Мы тлумачылі людзям асноўныя пункты праграмы нашага блока, чым мы адрозніваемся ад іншых.
Вынікі выбараў, шчыра кажучы, крыху засмуцілі. Мы ўсё ж спадзяваліся на больш масавы ўдзел. Але, відаць, не стала медыйнага быцця ў сацыяльных сетках, мы не прыклалі досыць намаганняў, каб прыцягнуць увагу людзей.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле: