Арфаграфічны конкурс прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Праверыць свае веды запрашае кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Зарэгістравацца на падзею можна да 16 лютага, аднак арганізатары папярэджваюць: колькасць месцаў абмежаваная, варта паспяшацца. Зрэшты, напісаць дыктоўку, тэкст якой прачытае Аліна Коўшык, можна будзе і анлайн.

Якія падарункі атрымаюць лаўрэаты і што паўтарыць напярэдадні іспыту, нам распавяла ініцыятар падзеі, кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк.

Выкладчыцы кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк. Крыніца — Радыё Ўнэт.

— На Міжнародны дзень роднай мовы нам хацелася аб’яднаць усіх беларусаў свету. Таму мы зрабілі дыктоўку ў гібрыдным фармаце, каб далучыцца можна было і анлайн. Тэкст для самастойнай праверкі мы пасля апублікуем на нашай старонцы. Свой удзел ужо пацвердзілі дыяспары з Прагі і Лондану, з некаторых куткоў ЗША, Канады. Cтацыянарана ж паўдзельнічаць у конкурсе змогуць толькі 60 асоб. Прыемна, што людзі не чакаюць і не раздумваюць. У першыя ж 2 гадзіны пасля адкрыцця рэгістрацыі мы атрымалі некалькі заявак.

«Нашую дыктоўку мы ладзім сумесна з Беларускім домам у Варшаве і Беларускім моладзевым хабам», — падкрэслівае Вольга Трацяк і дадае, што ідэя конкурсу была і ў тым, каб кафедра стала пляцоўкай, якая яднае самыя розныя арганізацыі і ініцыятывы.

Крыніца — фэйсбук Кафедры беларусістыкі ВУ

Правяраць работы будуць выкладчыкі і студэнты кафедры. Удзельнікі ж дыктоўкі падчас праверкі змогуць паслухаць лекцыю Ядвігі Казлоўскай-Доды. Прафесар Люблінскага ўніверсітэта распавядзе пра моўныя канцэпты і іх уплыў на нашае жыццё. «Тэма важная і вельмі актуальная», — упэўнена Вольга Трацяк.

— Я лічу, што гэта дасканалая нагода, каб яшчэ раз гучна сказаць пра праблему беларускай мовы ў свеце. У 2007 годзе са статыстыкі ЮНЭСКА вынікала, што калі з нашых школ зліквідаваць беларускую мову, то хутчэй за ўсё ў бліжэйшыя 10-20 гадоў яна б знікла. Іншая праблема сённяшняя. Большасць беларусаў не размаўляе на сваёй роднай мове. Але змянілася перспектыва тых, хто па розных прычынах знаходзіцца ў эміграцыі. Людзі бачаць, што мова — гэта вельмі важны складнік для нацыянальнай тоеснасці кожнага чалавека.

— Магчыма, і тэкст дыктоўкі будзе на адпаведную тэму?

— Гэта будзе ўрывак з беларускай класікі. Не прымеркаваны да нейкай канкрэтнай тэмы, але вельмі сімвалічны. Думаю, удзельнікі зразумеюць наш выбар.

— Якія прызы атрымаюць пераможцы?

— Паколькі наш конкурс мы ладзім сумесна з рознымі арганізацыямі, прызы будуць таксама «ў складчыну». Але магу сказаць, што мы са свайго боку падрыхтавалі вельмі каштоўны падарунак — беларуска-польскі слоўнік, які выдала наша кафедра.

— Спадарыня Вольга, а як можна падрыхтавацца да дыктоўкі?

— Гэта арфаграфічны конкурс. Рыхтавацца трэба па падручніках сучаснай беларускай мовы. Напэўна, варта паўтарыць правапіс вялікай і малой літары, правапіс складаных слоў, сінтаксіс складаных сказаў. І ўвогуле нагадаць сабе правілы арфаграфіі і пунктуацыі.

«Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы пройдзе 21 лютага па адрасе вул. Добра, 55, зала 1.110, пачатак — 17:30.

Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба запоўніць анкету па спасылцы (колькасць месцаў абмежаваная). Заяўкі прымаюцца да 16 лютага. За падрабязнасцямі можна сачыць на афіцыйнай старонцы кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Паліна Часноўская, budzma.org