«Усё стала на свае мейсцы». Лявон Вольскі выказаўся пра «чорныя спісы» музыкаў

У публічнай прасторы з’явіўся «стоп-ліст» — спіс прыкладна з 80 выканаўцаў. У ім вельмі розныя прозвішчы і гурты — ад Інны Афанасьевай, Ларысы Грыбалёвай, Шэр, Lady Gaga да «Ляпіса Трубяцкога», «Нерваў», «Нейро Дюбеля», «N.R.M» і «Крамбамбулі». Музыка Лявон Вольскі адрэагаваў на новыя «чорныя спісы».

«Калі узьнік першы чорны сьпіс у Беларусі (куды я са сваімі праектамі, безумоўна, патрапіў), памятаю, па тэлевізары йшла нейкая агітацыйна-прапагандысцкая перадачка, і ў ёй раптам пачалі «кляйміць пазорам» беларускіх музыкаў і асабіста мяне. Злавесным голасам дыктар вяшчаў: «Гэта ён (то бок, я), калі ўся Беларусь радавалася трыумфальнай перамозе нашай Ксеніі Сітнік на дзіцячым «Еўрабачаньні», казаў пра яе: «Не люблю, калі дзеці крыўляюцца».
А потым — цытата з «Майго пакаленьня»: «Набыць бы дыляры,
Прадаць бы рублі,
А потым — падалей
Ад гэтай зямлі».
Вось, маўляў, да чаго заклікае гэты музыка.
І вось — мінула амаль 20 гадоў, і ўзьнік абноўлены чорны сьпіс. Там ужо ёсьць і Ксенія Сітнік, перамозе якой так радавалася калісьці Беларусь.
Усё стала на свае мейсцы.

Спачатку ў сьпіс патрапілі артысты, якія ў 2020-м выказаліся супраць гвалту. Напісаў у сацсетцы: «Я супраць гвалту», і ты — вораг. Потым, у 22-м — тыя, хто супраць вайны. А цяпер — тыя, хто не выказваўся. Таму, што цяпер трэба выказвацца за гвалт і вайну, а калі маўчыш — ты вораг», — напісаў Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

budzma.org