У судзе Ленінскага раёна Мінска 9 лютага адбываюцца судовыя спрэчкі па крымінальнай справе супраць праваабаронцы, Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягоных паплечнікаў Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва.
За месяц на працэсе дапыталі сведак, даследвалі ўсе 284 тамы крымінальнай справы і дапыталі праваабаронцаў.
Дзяржаўнае абвінавачванне лічыць, што віна праваабаронцаў паводле ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») цалкам даказаная.
Абвінавачанне запрасіла наступныя тэрміны:
Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў калоніі;
Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў калоніі;
Уладзіміру Лабковічу — 9 гадоў калоніі;
Дзмітрыю Салаўёву (ён знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна) — 10 гадоў калоніі.
Як паведамляюць праваабаронцы, усім абвінавачаным пагражае узмоцнены рэжым і штраф у памеры пяць тысяч базавых велічыняў (185 тысяч беларускіх рублёў ці 73 200 даляраў) кожнаму.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну.