
«8+100» — адмысловы форум у Еўрапейскім парламенце, ён прайшоў напярэдадні ў сталіцы аб’яднанай Еўропы, ў Бруселі.
Форум аб’ядноўвае 8 беларускіх дэмакратычных партый, і больш за 100 еўрапейскіх палітычных партый, якія падтрымліваюць дэмакратычныя змены ў Беларусі. Пра такое палітычнае аб’яднанне дзеля дэмакратычных пераменаў расказаў «Радыё Рацыя» дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Офісу Святланы Ціханоўскай — Анатоль Лябедзька.
— Форум беларускіх і еўрапейскіх партый, які адбываецца ў Еўрапейскім парламенце, ёсць новым каналам кантакту і камунікацыі. Партыйная праца мае сваю спецыфіку. Тут партыі не канкурыруюць ні з кабінетам, ні з Каардынацыйнай радай, ні з офісам Ціханоўскай. Задача такіх формаў — прыцягнуць у беларускую павестку як мага больш колаў іншых палітычных актараў, партый, парламентарыяў.
А перад палітычным спатканнем у сценах Еўрапейскага парламенту, перад установай прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Зачыталі імёны сотняў людзей, якія па палітычных матывах знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. Да пікету таксама далучылася Мальгажата Гасевская, кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага парламента па Беларусі.