Гэты будынак захаваўся ў горадзе дасюль. Як расказаў «РГ» краязнаўца Уладзімір Садоўскі, у Цэнтральным архіве Літвы знайшоўся ўнікальны фотаздымак маладзечанскага рэктыфікацыйнага завода да яго перабудовы ў староства ў 1927 годзе.

— Сам завод быў 1897 года пабудовы і да Першай сусветнай належаў панам Іпаліту Гечэвічу (Гяцэвічу) (1854-1935) і верагодна Аляксандру Любанскаму. Пасля Савецка-Польскай вайны 1919-1921 гадоў Маладзечна апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі. І 1925 годзе (тады і зроблены здымак) польскія ўлады вырашылі выкарыстаць закінуты і разбураны войнамі завод пад перабудову ў адміністрацыйны будынак Маладзечанскага староства, выкупіўшы руіны ў таго ж Гечэвіча.
Да гэтага часу знаходзіліся толькі здымкі будынка, калі ў ім ужо працавала староства і крыху ранейшыя — калі прадпрыемства перабудоўвалі.
Цяпер будынку на вуліцы Лібава-Роменскай, каля аўтавакзала, месціцца падатковая інспекцыя.

Дарэчы, вельмі верагодна, што адзін з уладальнікаў завода, Іпаліт Гецэвіч, — той самы пан, які ў 1920-х валодаў маёнткам Вязынь на Вілейшчыне. А Аляксандр Любанскі вядомы як уладальнік Любані, што на Вілейшчыне, і стваральнік дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Вілейцы (сёння — «Буддэталі»).
