Блогер Vadimati распавёў пра арышт кватэры ў Гродне

Былы палітзняволены блогер з Гродна Вадзім Ермашук распавёў пра арышт сваёй маёмасці  ў сторыс на старонцы Instagram.

Блогер Вадзім Ермашук (Vadimati). Фота: Сяргей Людкевіч / Hrodna.life

Вадзім Ермашук апублікаваў апавяшчэнне ад Упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці. У ім паведамляецца, што на кватэру блогера ў Гродне 14 студзеня 2025 года быў накладзены арышт. Вядома, што гэта адбылося на падставе пастановы следчага. Пра прычыны арышту ў дакуменце не ўзгадваецца.

«Не ведаю нават за што. Да санкцый не прызываў, расказваў толькі ўсю жэсць, што адбывалася са мной», — пракаментаваў блогер.

Вадзім Ермашук (Vadimati) — былы палітвязень. Яго затрымалі ў жніўні 2021 года ў Шчучыне, куды блогер паехаў здымаць ролік. Пасля 40 сутак адміністрацыйнага арышту на яго завялі дзве крымінальныя справы — паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) і артыкула 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

У судзе Ермашук не прызнаў віну ні па адному з артыкулаў і адмовіўся даваць паказанні. 21 снежня 2021 года суд Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці прыгаварыў гродзенца да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму (суддзя Дзмітрый Цівунчык). 

Блогер выйшаў на волю 26 чэрвеня 2024 года, адбыўшы поўны тэрмін пакарання. У хуткім часе пасля вызвалення Вадзім паведаміў, што пасля калоніі ў яго выявілі злаякасную меланому. Ермашук перанёс аперацыю па яе выдалені.

1 снежня 2024 года ягоную старонку ў Instagram прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», пасля чаго блогер з’ехаў з краіны.

Зараз BYSOL адкрыў збор для Вадзіма Ермашука, каб ён мог аднавіцца пасля турмы і хвароб. Грошы патрэбныя на жыллё і медыцынскія выдаткі. Падтрымаць блогера можна тут.

baj.media