
Сэнат (верхняя палата парлямэнту) Польшчы ўхваліў рэзалюцыю аб несправядлівых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.
Зь ініцыятываў выступіла група сэнатараў. Ва ўхваленым дакумэнце Сэнат падкрэсьлівае, што «незалежнасьць Беларусі зьяўляецца бясспрэчнай каштоўнасьцю, надзвычай важнай для стабільнай будучыні рэгіёну і ўсёй Эўропы, і Беларусь ня можа стаць такой імпэрскім трафэем Расеі».
«Сэнат выказвае перакананьне, што ў будучыні Беларусь далучыцца да сям’і дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаў».
Сэнатары, сярод іншага,
- канстатуюць адсутнасьць умоў і інстытуцыянальнай базы для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Рэспубліцы Беларусь на сёньняшні дзень;
- што прэзыдэнцкія выбары былі прызначаныя за 6 месяцаў да даты іх законнага правядзеньня;
- усе апазыцыйныя партыі, незалежныя прафсаюзы і арганізацыі грамадзянскай супольнасьці былі закрыты, незалежныя СМІ забароненыя,
- што ў цяперашні час у турмах знаходзіцца больш за 1300 палітычных зьняволеных, якія павінны быць неадкладна вызваленыя;
- не былі забясьпечаны ўмовы для бясьпечнага захоўваньня бюлетэняў і празрыстага падліку галасоў, а асобы ўсіх сябраў выбарчых камісій былі засакрэчаныя;
- не дапускаюць незалежных назіральнікаў, а людзей, якія назіралі за папярэднімі выбарамі або падтрымлівалі апазыцыйных кандыдатаў, перасьледуюць.
«Таму Сэнат лічыць, што выбары 26 студзеня 2025 года будуць толькі спробай легітымізацыі дыктатуры і іх вынікі ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Мы заяўляем пра гатоўнасьць супрацоўнічаць з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці з Каардынацыйнай радай па перадачы ўлады ў Беларусі, якую мы разглядаем як беларускі парлямэнт у выгнаньні», — запісана ў рэзалюцыі.
