
22 студзеня ў гміне Харошч адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя 162-й гадавіне пачатку Студзеньскага паўстання. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел і клуб гістарычнай рэканструкцыі “Invictus 1863”, заснаваны беларусамі ў Беластоку.
Бурмістр Харошчы Роберт Вардзінскі высока ацаніў удзел беларускіх гасцей:
— Рэканструктары, якія наведваюць нас, арганізуюць вельмі цікавыя імпрэзы. Яны паказваюць нашай моладзі і старэйшым людзям, якія не цікавяцца гісторыяй, сапраўдную зброю, адзенне таго часу. Гэта дапамагае ўявіць тыя часы. Мы вельмі задаволеныя гэтай супрацай і спадзяёмся, што такая плённая праца з рэканструктарамі будзе працягвацца.
Удзельнікі мерапрыемства таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі:
— Мы павінны ўшаноўваць усе гістарычныя падзеі, бо гэта вельмі важна. Гэта і наша місія — выхоўваць моладзь у духу патрыятызму. Памяць пра тыя падзеі аб’ядноўвае нас. Мы калісьці былі адным вялікім народам, і гэта факт. Мы шануем агульную памяць, і для нас гэта не пустыя словы. Хоць мы не перамаглі, яны аддалі свае жыцці за нас, за нашу будучыню, каб нам жылося лепш. Арол, Пагоня і Святы Міхаіл Арханёл. Польшча, Літва, Русь. Тыя землі, за якія змагаліся паўстанцы, якія хацелі свабоды. Тое, што было 162 гады таму, гэта пасланне для сучасных жыхароў Польшчы, Беларусі, Украіны — дбаць пра свабоду і незалежнасць.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Мясцовыя жыхары гміны Харошч прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве і масава рабілі памятныя фотаздымкі з удзельнікамі клуба “Invictus 1863”. Урачыстасці завяршыліся традыцыйным вогнішчам, якое сімвалізуе згуртаванасць і агульную памяць аб падзеях Студзеньскага паўстання.





