Пазняк і Усаў правялі ў цэнтры Варшавы сваю масавую акцыю

У Варшаве 26 студзеня 2025 года адбыліся два беларускія мерапрыемствы.

Некалькі сотняў чалавек прайшлі па цэнтры горада калонай на чале са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам і Анжалікай Мельнікавай. Удзельнікі акцыі разгарнулі 330-метровы бел-чырвона-белы сцяг.

А тым часам Зянон Пазняк сабраў сваіх прыхільнікаў каля помніка Касцюшку.

Слова самому Пазняку:

«У дзень ганебных для беларусаў псеўдавыбараў яны арганізавалі карнавальнае шэсце ў Варшаве з музыкай, дудкамі і бадзёрымі воклічамі ў стылі хаджэння па Мінску ў 2020 годзе. «Вольная Беларусь» у гэты дзень ля помніка Касцюшкі публічна праінфармавала грамадства аб сутнасці фальшывых выбараў, нагадала пра гадавіну смерці ваяра Палка Каліноўскага Эдуарда Лобава, пра героя Нябеснай сотні Міхася Жызнеўскага, пра змаганне беларусаў з маскоўскім мордарам».

nashaniva.com