У Беластоку прайшла Навагодняя сустрэча дзяцей і бацькоў аб’яднання АБ-БА

Здымак: Facebook „Stowarzyszenie AB-BA“

У Беластоку ў непублічнай школе святых Кірыла і Мяфодзія прайшла традыцыйная Навагодняя сустрэча дзяцей і бацькоў Аб’яднаня АБ-БА. У часе сустрэчы яе ўдзельнікі разам спявалі калядныя песні, танцавалі, гулялі і глядзелі батлейку. Гавораць удзельнікі сустрэчы.

Заўсёды ў час калядных ці навагодніх сустрэчаў у рамках аб’яднання АБ-БА і калядкі спявалі, і часам паказвалі розныя прадстаўленні, якія рыхтавалі вучні, ці танцавалі, бо ў аб’яднанні ёсць танцавальны калектыў „Падляшскі вянок“. У чарговы раз цешымся, найперш таму, што сустрэліся разам: і бацькі, і дзеці.

У чацвёрцы, як памятаю, заўсёды былі гэтыя вечары калядак, і гэта заўсёды кранала сэрца — я не раз плакала, таксама і іншыя бацькі, дзяды, удзельнікі калядных вечарын.

Вельмі добра разумеемся з гэтымі дзецьмі, гляджу на іх і вельмі ганаруся: гэта вельмі здольныя дзеці. І тое, што яны акапэльна могуць спяваць, слых маюць вельмі добры, яны вельмі эластычныя і з імі прыемна працаваць.

Мы будзем танцаваць з нашымі гасцямі і гуляць у беларускія народныя гульні, забавы, танцы. Так што запрашаем нашых гасцей!

Cлухайце гэта ў далучаным гукавым файле:

АБ-БА – гэта аб’яднанне бацькоў, чые дзеткі ў Беластоку навучаюцца ва ўстановах з дадатковым навучаннем беларускай мове.

Юрась Дзяшук, racyja.com