У Польшчы збіраюцца адчыніць матэматычную школу для беларускіх дзяцей

Сяргей Сабалеўскі. Здымак: Белсат

54-гадовы інжынер-праграміст, бізнесмен і былы зняволены зоны “Віцьба-3” Сяргей Сабалеўскі стварыў цікавы праект двумоўнай матэматычнай школы. Ён адказвае на пытанні «Радыё Рацыя»: якія прадметы будуць вывучацца, з якой мэтай, хто будзе выкладаць і дзе плануецца адкрыць школу.

РР: Вы арганізоўваеце матэматычную школу для беларускіх і ўкраінскіх дзяцей. Скажыце, калі ласка, на якой стадыі ваша ініцыятыва?

Мы падалі праект на дадатковае фінансаванне, ужо падрыхтаваныя дакументы. У наш праект увайшлі матэматыка, фізіка, праграмаванне са штучным інтэлектам і фінансавая граматнасць. То бок, мы збіраемся вучыць дзяцей фінансавай граматнасці: як у Польшчы адбываецца падаткаабкладанне, як адкрываецца банкаўскі рахунак, калі яго можна адкрыць, якія віды рахункаў існуюць. Мы хочам супрацоўнічаць з банкамі, каб іх супрацоўнікі праводзілі заняткі, нават у анлайн-фармаце, але каб прыходзілі і тлумачылі дзецям, як працуе бізнес, наколькі адкрытая сістэма. Тут ёсць закон аб свабодзе гаспадарчай дзейнасці, што значна адрозніваецца ад таго, што адбываецца пры рэжыме Лукашэнкі. Таму мы вельмі хочам, каб дзеці адчулі сябе свабоднымі ў гэтым новым грамадстве, чаго мы самі ў іх веку не маглі адчуць. Нам давялося праз гэта прайсці і цярпець цяжкасці, каб мець тое, што маем цяпер. І дзякуй братам-палякам за тое, што яны пастаянна падтрымліваюць нас, талеруюць і памагаюць.

РР: А хто будзе выкладаць гэтыя прадметы — матэматыку, фізіку, праграмаванне са штучным інтэлектам і банкаўскую справу, я так разумею, фінансавую граматнасць? Вы ўжо згадалі, што дамовіліся з банкаўскімі супрацоўнікамі. А што наконт іншых прадметаў?

Частку прадметаў будуць выкладаць польскія выкладчыкі, бо навучанне будзе на двух мовах — польскай і расейскай, каб дзеці засвойвалі польскую тэрміналогію ў дакладных навуках. А з беларускага боку — гэта выкладнікі, якія пацярпелі ад рэпрэсій, у тым ліку былыя выкладчыкі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з кафедры прыкладной матэматыкі. Нам не стае толькі фізікаў-ядзершчыкаў — астатнія выкладнікі ўжо ёсць. На жаль, многім давялося змяніць прафесію, і зараз яны, напрыклад, дастаўляюць піцу. Балюча на гэта глядзець, таму мы і арганізуем школу, каб іх веды не зніклі. Гэтыя людзі яшчэ маладыя, але замест працы па спецыяльнасці яны займаюцца фізічнай працай.

Мы хочам, каб яны перадалі свае веды новаму пакаленню. Тым больш, што ў сферы штучнага інтэлекту і праграмавання ў нас адныя з найлепшых спецыялістаў. Многія з іх працавалі над стварэннем вядомых гульняў сусветнага роўню. Наша зямля багатая на таленавітых людзей. А разам з тымі, хто знаходзіцца тут, у Польшчы, мы яшчэ ўдвая мацнейшыя, як адна вялікая сям’я.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Паводле Сяргея Сабалеўскага, плануецца, што школа будзе адкрыта ў верасні 25 года. Гэта будзе значны крок па падрыхтоўцы маладых беларусаў у еўрапейскія ўніверсітэты.

racyja.com