„Сцэнарыст” – Камунікат выдаў новы раман Андрэя Федарэнкі

Новы раман Андрэя ФедарэнкіСцэнарыст” працягвае тэму аналізу прыроды творчасці, пачатую ў яго папярэдняй кнізе „Жэтон на метро”.

Падзеі ў рамане, як піша сам аўтар, пачынаюцца „даўно, ледзь не ў даайфонаўскую эпоху, прынамсі, задоўга да Вялікага Каранціну і ўсяго, што затым пачалося”, калі „на базе айчыннай кінастудыі вырашылі стварыць нешта кшталту філіяла”. Яго героі – малады рэжысёр і пажылы сцэнарыст.

І хаця створаны як філіял ці даччынае адгалінаванне FilmBell – гэта не Галівуд, але сюжэт „Сцэнарыста” закручаны па-майстэрску, а тэкст насычаны жыццёвай філасофіяй, трапнымі выразамі і назіраннямі. „Сцэнарыст” – сапраўдны дэтэктыў і адначасова – драма з непрадказальным фіналам.

Кнігу ўжо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop, а першая сустрэча з чытачамі адбудзецца 15 лютага ў Вільні падчас Міжнароднага паэтычнага фестывалю „Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова, дзе Камунікат будзе анансаваць свае новыя выданні.

Вокладку зрабіў выдатны беларускі мастак Артур Вакараў.

Камунікат здаўна супрацоунічае з беларускімі пісьменнікамі. Многія з іх маюць свае персанальныя старонкі ў сервісе. Ужо шмат год творы сучаснай беларускай літаратуры публікуюцца ў рэсурсах Камуніката ня толькі ў форме PDF-файлаў, але і ў фарматах, зручных для карыстальнікаў электронных кніг.

З нядаўняга часу на YouTube-канале Камуніката ўсё больш сучаснай беларускай літаратуры ў аўдыёфармаце. Найбольшай папуларнасцю карыстаецца аўдыёкніга Андрэя ФедарэнкіЖэтон на метро” ў агучцы Змітра Бартосіка.

Там знойдзеце таксама іншыя раманы і аповесці Андрэя Федарэнкі.Выданне рамана „Сцэнарыст” – гэта працяг супрацоўніцтва Камуніката з гэтым выдатным сучасным беларускім празаікам.

kamunikat.org