
Жонка палітвязьня палітык Сьвятлана Ціханоўская больш за чатыры гады ня мела нават размовы з мужам.
Сяргей Ціханоўскі ўжо 700 дзён у рэжыме інкамунікада.
«Апошні раз я чула голас мужа больш за чатыры гады таму. У мяне было ўсяго пяць хвілін, каб падтрымаць яго, расказаць пра дзяцей, спытаць пра здароўе. Тады я яшчэ ня ведала, што нам больш не дазволяць пагаварыць. Часта ўспамінаю тую размову і думаю, што яшчэ магла б сказаць…
Вось ужо 700 дзён ад Сяргея няма навінаў. Я ня ведаю, ці атрымлівае ён віншаваньні з днём нараджэньня, ці бачыў паштоўкі, намаляваныя дачкой. Ня ведаю, калі зноў змагу пачуць ягоны голас. Нават адзін дзень бязь вестак пра блізкага чалавека — гэта ўжо нагода для трывогі. Разам з Карнеем і Агніяй мы жывём у гэтай трывозе ўжо некалькі гадоў.
Але я перакананая, што ён адчувае нашую падтрымку. Што ягоная ўнутраная сіла зь ім. І нават за гэты час бяз сувязі — ён надае гэтую сілу і мне. Мы ня спынімся, пакуль Сяргей і ўсе палітвязьні ня будуць на волі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Апошні раз відэазапіс зь Сяргеем Ціханоўскім быў апублікаваны 5 ліпеня 2023 году.
Сяргей Ціханоўскі асуджаны на 18 гадоў пазбаўленьня волі. У лютым 2024 году яму дадалі яшчэ 1,5 года ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411).
Праваабаронцам вядома пра як мінімум 11 палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў у рэжыме інкамунікада — то бок безь якой-небудзь сувязі зь сямʼёй і зьнешнім сьветам.