Чарговыя палітвязні на волі. Офіс Святланы Ціханоўскай паведамляе, што пры іх пасрэдніцтве на волю выйшлі – журналіст «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык і шматдзетная маці Алена Маўшук з Пінску. Да таго яшчэ грамадзянін ЗША, прозвішча якога не называецца.

Сітуацыя паказвае, што ціск на Лукашэнку працуе – кажа прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Зазулінская:
– Ціск – гэта адзін з ключавых фактараў, бо ціск можа мяняць сітуацыю. Тое, што мы бачылі не толькі з 2020 года, а загадзя, і ў 2006, і ў 2010 годзе, што Лукашэнка вельмі баіцца, яго атачэнне вельмі баіцца і міжнародных расследаванняў, і санкцый, і крымінальных спраў. Калі б гэта так не працавала, то яны не імкнуліся пазбегнуць. Але ціск – гэта не толькі эканамічныя санкцыі, мы павінны гэта разумець.
У канцы размовы Вольга Зазулінская сказала нашаму карэспандэнту: «Неўзабаве чакаем добрых навінаў».

Увечары ў тэлеграм-канале Офісу Святланы Ціханоўскай з’явілася інфармацыя пра вызваленне двух беларускіх палітвязняў і грамадзяніна ЗША. Пра гэта расказаў Франак Вячорка:
– Мы забралі з амерыканскага пасольства Алену Маўчук, яна была несправядліва асуджаная на 6 гадоў. Яна зараз на свабодзе, і мы прывезлі яе ў бяспечнае месца. Вызвалена трое чалавек – адзін амерыканскі грамадзянін, журналіст і Алена. І мы спадзяемся, што абавязкова ўсе палітвязні апынуцца на свабодзе.
Удзячнасць за супольныя намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале выказала «Прэзідэнту Трампу, дзяржсакратару Рубіа і дзярждэпартаменту ЗША».
