“Беларуская Гавэнда” ў Гайнаўцы

У агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы прайшоў культавы ўжо дэкламатарскі конкурс. Мерапрыемства мае звыш трыццацігадовую гісторыю, а яе першыя ўдзельнікі зараз глядзяць на новых дэкламатараў з сентыментам.

Вершы, празаічныя тэксты і кароткія пастаноўкі на роднай мове — гаворках і беларускай, можна было пачуць у выкананні вучняў з цэлага Гайнаўскага павету.

Гэта першы крок для вучняў пачатковых школаў у выбары нашага беларускага ліцэя, падкрэсліў яго дырэктар Ігар Лукашук:

– Гэта такая магчымасць для вучняў пачатковай школы наведаць Гайнаўскі беларускі ліцэй і тут рэалізаваць свае ўмеласці, свае таленты. Гэта таксама такі спосаб, каб потым, у будучыні, без перашкод пераступіць парог нашага ліцэя ўжо як вучань першага класа. І ўсе, хто тут прыязджаюць і прымаюць удзел у “Гавэндзе”, думаю, дакладна разумеюць, што, калі будуць нашымі вучнямі, працяг развіцця іх таленту тут будзе.

Сёлета выступоўцы дэкламавалі вершы класікаў беларускай літаратуры, пісьменнікаў Беласточчыны, але таксама прэзентавалі свае ўласныя літаратурныя творы.

Пра вынікі сёлетняй “Беларуская Гавэнды” ў бліжэйшым тыднёвіку беларусаў у Польшчы “Ніва” распавядзе Міра Лукша.

Цалкам матэрыял:

racyja.com