
“Расспяванаму гарадку” 70 гадоў, а “Асенняму лісту” – 30. З гэтай нагоды ў Гмінным асяродку культуры ў Гарадку адбыўся вялікі юбілейны канцэрт, на які сабраліся гараджане, сябры калектываў і госці. “Расспяваны гарадок” – найстарэйшы ансамбль у Гарадку, які ўжо даўно лічыцца музычным тварам гэтага мястэчка. Цікава, што калектыў з’явіўся задоўга да таго, як у Гарадку паўстаў Дом культуры.
Сёння побач з “Расспяваным Гарадком” гміну рэпрэзентуюць “Асенні ліст” з Гарадка і “Каліна” з Залук. Усе гэтыя калектывы маюць падобны стыль і імкнуцца спяваць песні свае, колішнія, ці хаця б прадстаўляць беларускую песню ў традыцыйным для гэтый мясцовасці гучанні. Так што мода на фанаграму тут не прынялася, а спевы традыцыйна суправаджае гармонік.
Кажуць спявачка з “Расспяванага гарадка” Марыя Урублеўская і гарманіст “Расспяванага гарадка” і “Асенняга ліста” Віктар Маланчык:
– Трэба песнямі іх трошкі адрозніць – то адзін калекты, то другі. Найлепшыя ўражанні, дзякуй Богу дажыў я да такога свята, дзяўчаты цудоўныя, дай бог яшчэ паспяваць, і каб мяне здароўе не падвяло.
– Я пішу вершы, сама апрацоўваю і спяваю. Часам наш маэстра Віктар Маланчык прывозіць песні, многа прывозіць. Так што мы бярэм, апрацоўваем, і спяваем, у нас штогод нешта новае. Галоўная мова – мова спеваў.
Удзельніцы калектываў падкрэсліваюць, што ў іх заўсёды спявалі пераважна немаладыя жанчыны, якія ўжо выгадавалі дзяцей і мелі вольны час. Але цяпер спявачкі спадзяюцца бачыць больш моладзі ў сваіх шэрагах. Кажуць, гэта не толькі пытанне далейшага жыцця ансамбляў, але і падтрымання беларускай мовы ў Гарадку. Бо не толькі на выступленнях, але і на рэпетыцыях між сабою тут прынята гаварыць па-беларуску.



Да юбілейнай даты была выдадзеная плыта абодвух калектываў пад назвай “Сёння свята ў нас”.
