
На чарговым пасяджэнні Каардынацыйнай рады быў разгледжаны праект рэзалюцыі пад поўнай назвай: “Аб інтэрвенцы Расейскай Федэрацыі ў справы Рэспублікі Беларусь і ўстанаўленні гібрыднай формы акупацыі”. Рэзалюцыю прадставіла група «Незалежныя беларусы» на чале з Аляксандрам Науковічам.
Віцэ-спікерка КР Станіслава Гліннік пракаментавала гэты праект:
– Запрапанавана была рэзалюцыя, была гарачая дыскусія. Невідавочна навошта прымаць гэтую рэзалюцыю, невідавочна, якія наступствы гэта мае мець на сёння. Калі мы прызнаем Беларусь акупаванай, то з кім будзе весціся размова пра Беларусь? Сітуацыя, якая патрабуе значна больш глыбокай дыскусіі і больш глыбокага аналізу. Я не ўпэўненая, што я змагу падтрымаць гэты дакумент, на жаль.
Адпаведна Станіслава Гліннік пракаментавала галасаванне ЗША і Расеі ў Генасамблеі ААН супраць рэзалюцыі з асуджэннем расейскай агрэсіі супраць Украіны:
– Для мяне было шокам, што ЗША прагаласавала ў ААН таксама як Расея. Я не думала, што я калісьці ў жыцці ўбачу такія галасаванні, дзе ў такіх пытаннях Расея і ЗША будуць галасаваць аднолькава. Для мяне галоўнае зараз, што будзе з Беларуссю пасля гэтага ўсяго. Ці Беларусь не стане суцяшальным прызам для Пуціна ў выніку гэтых перамоваў.
Вядома, што калі на галасаванне ў ААН першай была пастаўлена ўкраінска-еўрапейская рэзалюцыя, ЗША нават не ўстрымаліся, а прагаласавалі супраць – разам з Расеяй, Беларуссю, Венгрыяй, Ізраілем і яшчэ 12 краінамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: