Палітолаг — пра тое, чым выкліканыя карэктывы выбарчага кодэксу.
У Беларусі прынялі папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Сярод іншага, «аптымізаваная сістэма выбарчых камісій», уведзены дадатковыя патрабаванні да дэпутатаў (не дапускаецца наяўнасць замежнага грамадзянства, карты паляка і іншых падобных дакументаў), адменены парог яўкі на выбары ў Палату прадстаўнікоў, скарэктаваны час датэрміновага галасавання. Выбаршчыкам жа забаранілі здымаць на фота і відэа запоўненыя бюлетэні.
Чаму ўлады робяць гэтыя захады зараз, калі, здавалася б, палітычная прастора «зачышчаная» ад усіх апанентаў амаль да стэрыльнасці? Ці ёсць у рэжыму ўнутраны страх перад магчымасцю паўтарэння пратэстаў 2020-га і ці можа спыніцца рэпрэсіўная машына? Гэтыя і іншыя пытанні Филин задаў палітолагу Валеру Карбалевічу.
Эксперт адзначае, што фармальная прычына паправак цалкам зразумелая:
— Летась у Беларусі была прынятая новая Канстытуцыя, і таму пад яе падганяецца заканадаўства: тут і новы закон пра партыі, закон пра грамадзянскую супольнасць, закон пра Ўсебеларускі народны сход. Думаю, будуць і яшчэ нейкія законы, бо паводле новай Канстытуцыі карэктуюцца паўнамоцтвы і парламента, і ўрада, і Канстытуцыйнага суда. Таму фармальная падстава такая.
Што тычыцца фактычных паправак — відавочна, што сёння заканадаўства ідзе па шляху стварэння больш жорсткай дыктатуры і ўзвядзення новых перашкод для дзейнасці любых яе апанентаў.
У гэтым кірунку ідзе закон пра партыі і грамадскія арганізацыі і закон пра Выбарчы кодэкс. Мяркую, усе іншыя заканадаўчыя навацыі будуць працягваць гэты рэпрэсіўны кірунак, які, так скажам, крыміналізуе любую апазіцыйную дзейнасць.
Здавалася б — навошта, калі і так у Беларусі заканадаўства вельмі жорсткае? Але мы бачым, што прымаюцца ўсё новыя і новыя захады для стварэння яшчэ больш моцнага механізму абароны рэжыму ад любых апанентаў. То-бок, склаўся агульны трэнд, і ў гэтым сэнсе Выбарчы кодэкс яго толькі працягвае.
І дагэтуль, нагадвае Валер Карбалевіч, выбарчае заканадаўства ў Беларусі складана было назваць мяккім:
— У сваім матэрыяле яшчэ 2019 года я налічыў 15 колаў абароны, 15 механізмаў у Выбарчым кодэксе, якія прадугледжваюць страхоўку і перастрахоўку, гарантыю ад нейкіх магчымых нечаканасцей, выпадковасцей на выбарах — каб атрымаць патрэбны вынік.
Тут і тое, што ў камісіі не дапускаюць апазіцыянераў, і датэрміновае галасаванне, і нядопуск назіральнікаў да падліку галасоў, і гэтак далей. Хоць, здаецца, калі працуе адзін механізм, навошта запускаць другі: калі існуе датэрміновае галасаванне, то што зменіць нядопуск назіральнікаў, а калі ў камісіях няма апазіцыянераў, значыць, схема ўжо адрэгуляваная і дадатковай страхоўкі не трэба. Але ж, відаць, нават пятнаццаць эшэлонаў абароны патрэбнага выніку ўлады палічылі недастатковымі і вырашылі стварыць яшчэ дадатковыя перашкоды.
З цяперашніх карэкціровак, гаворыць палітолаг, слушным выглядае патрабаванне да беларускіх дэпутатаў не мець замежнага грамадзянства, карты паляка ці ВНЖ іншай дзяржавы (хутчэй, не зразумела, чаму такое абмежаванне не было прапісанае у Выбарчым кодэксе раней).
— Тут пэўная логіка ёсць: калі дзяржслужачы ці дэпутат мае від на жыхарства ці грамадзянства другой дзяржавы, то ўзнікае канфлікт інтарэсаў. Таму падобныя забароны існуюць і ў іншых краінах, у тым ліку дэмакратычных.
А вось тое, што людзей пачынаюць разоўпераследваць увогуле за наяўнасць у іх карты паляка, незалежна ад таго, ці працуе чалавек у дзяржустанове ці ў іншым месцы — гэта мне падаецца парушэннем правоў чалавека.
Што да іншых змен у кодэксе, яны, на думку эксперта, хутчэй вымушаныя.
Напрыклад, парог яўкі адменены, бо выбары перасталі быць цікавымі. Народ не ходзіць на іх, лічыць чыста фармальным мерапрыемствам. А каб гэта не вельмі кідалася ў вочы, аблегчылі працу выбарчых камісій — ім цяпер можна не накручваць яўку, колькі прыйшло, столькі прыйшло.
— Днямі старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што ў Беларусі распрацоўваецца канцэпцыя лічбавізацыі выбарчай сістэмы, але праца гэтая вельмі карпатлівая, таму бліжэйшыя выбары пройдуць традыцыйна, без электроннага галасавання. На вашу думку, ці будзе рэжым наогул калі-небудзь гатовы да такога эксперыменту, ці пастараецца пазбягаць таго, што не вельмі разумее?
— Думаю, беларускі рэжым увогуле вельмі кансерватыўны. Выбарчая сістэма не мяняецца ўжо шмат гадоў — маю на ўвазе, яна мажарытарная, і пераход да прапарцыйнай не адбываецца. Хоць ужо і будзе стварацца партыя ўлады «Белая Русь», і калі з’яўляецца такая структура, лагічна было б стварыць пераходную прапарцыйную сістэму. Але Лукашэнка надзвычай кансерватыўны чалавек, які баіцца што-небудзь мяняць.
Мяркую, электронная сістэма галасавання ў бліжэйшым будучым у Беларусі наўрад ці будзе. Бо пад яе ж трэба мяняць, перанастройваць усю сістэму фальсіфікацыі, перавучваць чальцоў выбарчых камісій, усю вертыкаль на тое, каб даваць патрэбны вынік.
А любы вірус у гэтай стройнай сістэме можа паламаць яе. Таму яе баяцца чапаць: навошта ўсё перабудоўваць і што-небудзь змяняць ,калі выбарчая машына эфектыўна працуе і дае патрэбны вынік.
Наогул, падкрэслівае Валер Карбалевіч, беларускі рэжым працягвае пераходзіць ад аўтарытарнага ў таталітарны, «і ў рамках такой эвалюцыі ўсе заканадаўчыя акты падганяюцца пад гэты працэс».
— Роля ж выбараў у Беларусі падае. Па новай Канстытуцыі, галоўным органам дзяржаўнай улады становіцца ВНС — а гэта не выбарны орган. Дасюль, як бы то ні было, а і прэзідэнт, і парламент у краіне выбіраліся (апускаючы, якія там выбары, фармальна яны ўсё ж былі). Цяпер нават фармальна не будзе выбараў галоўнага органа дзяржкіравання.
Ды і пра прэзідэнцкія выбары Лукашэнка ўжо некалькі разоў казаў: маўляў, не варта было б праводзіць усеагульныя выбары, а варта, каб Усебеларускі народны сход «выбіраў прэзідэнта». Але ў Канстытуцыі ўжо запісана інакш — значыць, трэба прымаць новую Канстытуцыю? Ці рашыцца Лукашэнка мяняць гэтую, толькі што прынятую, Канстытуцыю дзеля таго, каб не праводзіць прэзідэнцкіх выбараў — я не ўпэўнены.
Але нават фармальныя выбары будуць адыгрываць усё меншую ролю ў беларускім грамадстве: як бачым, на год адсунулі мясцовыя выбары, перанеслі парламенцкія. То-бок, ва ўладаў перад выбарамі захоўваецца пэўны страх, навеяны падзеямі 2020 года, — рэзюмуе палітолаг.
Юлія Кот, gazetaby.com