Вадзім Мажэйка: Не чытайце з раніцы савецкіх газет і не паўтарайце наратывы прапаганды

Вадзім Мажэйка. Фота: facebook.com

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ў сваім ТГ-канале аналізуе даклады амерыканскага Інстытута вывучэння вайны і паказвае, як яны працуюць на беларускую прапаганду.

Даклады амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) пастаянна трапляюць у навіны. Таму што ваенны аналіз цяпер надзвычай запатрабаваны, а ISW выдае яго рэгулярна, у даступнай форме, з картаграфічнымі ілюстрацыямі і спасылкамі — выглядае і гучыць усё гэта вельмі аўтарытэтна. На жаль, аналітыка ISW пакутуе на лагічныя памылкі. Далей я разбяру гэтыя праблемы на прыкладзе апошняга даклада ISW, але аналагічныя недахопы сустракаюцца ў дакументах ISW рэгулярна.

«Lukashenko’s belated concessions and continued refusal to commit Belarusian forces to the Russian invasion indicate Lukashenko’s determination to keep Belarusian forces from directly participating in the Russian war» («Запозненыя саступкі Лукашэнку і адмова прадаставіць беларускія войскі для ўдзелу ў расійскім ўварванні паказваюць на рашучасць Лукашэнкі ўтрымаць беларускія войскі ад прамога ўдзелу ў расійскай вайне»).

Тут назіраем класічную лагічную памылку, circulus in probando — гэта значыць тэзіс па коле даказвае сам сябе. Супраціў Лукашэнкі ўводзіць войскі даказвае, што ён супраціўляецца ўводзіць войскі.

ISW рэгулярна паўтарае наратыў беларускай прапаганды пра тое, што Лукашэнка нібыта гераічна супраціўляецца ціску Крамля і толькі дзякуючы яго супраціву беларускія войскі не ўвайшлі ва Украіну. Я ўжо пісаў пра гэты папулярны наратыў: няма аніякіх доказаў ні ціску Крамля, ні супраціву Лукашэнкі, затое ёсць мноства прыкладаў таго, што з пачатку вайны Лукашэнка наўпрост дапамагае Пуціну ўсім, што яму трэба для вайны (беларуская тэрыторыя, дарогі і аэрадромы, бальніцы і інструктары, etc.). А на няўдзел беларускага войска ў вайне ўплывае яшчэ шмат фактараў, акрамя жаданняў Лукашэнкі: наколькі тэхнічна боегатоўнае беларускае войска? Зыходзячы з антываенных настрояў беларусаў, які маральны дух салдат? Што будзе пасля разгрому беларускай арміі, колькі войскаў Расіі давядзецца адцягнуць ад вайны для аховы сваёй заходняй мяжы? Але замест роздумаў над гэтымі пытаннямі прасцей, вядома, сказаць, што ўся справа ў тым, што Лукашэнка нібыта супраціўляецца нібыта ціску Крамля. У выніку ISW настолькі паверыў у гэты нічым не падмацаваны тэзіс, што лічыць яго аргументам для абгрунтавання самога сябе. Проста як «вучэнне Маркса ўсемагутнае, таму што яно дакладнае».

«The Kremlin may commandeer Belarusian factories and retool them to produce critical materiel that the Russian military needs, Lukashenko’s statements notwithstanding» («Крэмль можа захапіць беларускія заводы і перапрафіляваць іх для вытворчасці крытычна важных матэрыялаў, у якіх маюць патрэбу расійскія вайскоўцы, нягледзячы на заявы Лукашэнкі»).

Хоць заявы Лукашэнкі на ўчарашняй сустрэчы з Пуціным былі якраз пра тое, што ён гатовы забяспечыць падтрымку Расіі беларускімі вытворчымі магутнасцямі і па самалётах, і па грузавіках, і па электронных кампанентах. Гэта значыць, ні пра які супраціў крамлёўскаму ціску, зноў жа, гаворкі няма, наадварот — Лукашэнка ўсё прадастаўляе для ваеннай падтрымкі Расіі. Крамлю не трэба рэквізаваць беларускія заводы, каб вырабляць на іх ваенную прадукцыю (або яе кампаненты) для патрэб расійскай арміі. Лукашэнка наўпрост гаворыць, што акажа Пуціну і такую падтрымку. Без усялякага супраціву ціску, ды яшчэ і рады будзе зарабіць на ваенных замовах.

Каларытна і тое, што ISW Лукашэнку называе не інакш як «Belarusian President». На фоне астатняга гэта дробязі, вядома, але таксама паказальныя: насуперак афіцыйнай пазіцыі Вашынгтона і лексіцы вядучых амерыканскіх СМІ (NYT, WSJ), ISW прызнае Лукашэнку прэзідэнтам — які гераічна супраціўляецца ціску Пуціна.

Гэта менавіта тое, у чым беларуская прапаганда хацела б пераканаць заходнюю аўдыторыю. І гэта не проста не падмацавана доказамі, але і абсалютна супярэчыць рэальнасці — усё новай падтрымкай, якую Лукашэнка надае Пуціну. На жаль, знаходзяцца інстытуты, якія распаўсюджваюць гэтую прапаганду пад выглядам аналітыкі. Потым гэта паўтараюць нармальныя СМІ, якія б не сталі давяраць аналагічным цытатам наўпрост з рэпартажаў БТ. І ў выніку гэта ўплывае на грамадскае меркаванне.

Так што не чытайце да абеду савецкіх газет, не верце на слова дакладам нібы аўтарытэтных заходніх інстытутаў, а ўважліва аналізуйце аргументы і не паўтарайце наратывы беларускай прапаганды.

novychas.online