
Палітзьняволены Андрэй Чапюк скончыў адбываць свой тэрмін, але на волю яго вывезьлі не адразу, а правялі дадатковы допыт.
Андрэя Чапюка па абедзе 18 красавіка вывелі з калёніі ў кайданках, такое відэа апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Чапюка не аддалі адразу родным, якія чакалі яго каля калёніі, сілавікі пасадзілі яго ў кайданках у машыну. З калёніі яго павезьлі даваць паказаньні, паведамілі пазьней праўладныя тэлеграм-каналы.
Хто менавіта выводзіў Чапюка і куды яго вазілі — невядома.
Але позна 18 красавіка стала вядома, што ў той жа вечар яго адпусьцілі. Гэтую інфармацыю „Радыё Свабодзе“ пацьвердзілі ў «Вясьне».
«Выклікае аблягчэньне, што палітвязень Андрэй Чапюк нарэшце на волі і ўзьяднаўся з сям’ёй», — такім чынам Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала 19 красавіка на навіну аб вызваленьні валянтэра праваабарончага цэнтра «Вясна».
«Валянтэр „Вясны“ цалкам адбыў свой несправядлівы тэрмін. Нават у дзень вызваленьня яго закавалі ў кайданкі і павезьлі на допыт, перш чым канчаткова адпусьціць», — адзначыла Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
У верасьні 2022 году Андрэю Чапюку прысудзілі 6 гадоў калёніі. Пазьней Вярхоўны суд скараціў тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня. За кратамі Чапюк правёў больш за 4,5 года.
За кратамі застаюцца чатыры прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна»: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Марфа Рабкова.
