Арфаграфічны конкурс традыцыйна прымеркавалі да Міжнароднага дня роднай мовы. Галоўным арганізатарам падзеі стала кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Падчас дыктоўкі адбывалася онлайн-трансляцыя, так што праверыць свае веды маглі беларусы ўсяго свету. Што праўда, пераможцаў вызначылі толькі сярод тых, хто 21 лютага – нягледзячы на транспартны калапс, звязаны з прыездам у Варшаву Джо Байдэна – змог даехаць на факультэт прыкладной лінгвістыкі, піша «Радыё Ўнэт».
Майстрам беларускай мовы 2023 стала Таццяна Малашчанка. Другое месца ў «Беларускай дыктоўцы» занялі Ніна Ваніцкая і Эмі Бялінская. Андрэй Залескі меў трэці вынік. Адмысловая ўзнагарода ў катэгорыі «студэнт» чакала Аляксандру Дойніч. Пераможцы атрымалі падарункі ад кафедры беларусістыкі. Памятныя прызы падрыхтавалі і Беларускі моладзевы хаб ды Беларускі дом у Варшаве.
Карэспандэнт «Радыё Ўнэт» Аліна Крамко таксама паспрабавала напісаць пад дыктоўку ўрывак з «Каласоў пад сярпом тваім» і занатавала ўражанні ў сваім рэпартажы.
Слухайце аўдыё і глядзіце атмасферныя фота з «Беларускай дыктоўкі» у Варшаве.
На старонцы кафедры беларусістыкі захаваная трансляцыя з беларускай дыктоўкі. Там жа можна знайсці і тэкст для самастойнай праверкі.